BE RU EN

Беларускія ўлады ў істэрыцы з прычыны санкцый

  • 14.11.2007, 13:53

Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што рашэнне Мінфіна ЗША аб увядзенні санкцый у дачыненні канцэрна «Белнафтахім» нібыта ідзе насуперак прынцыпам Статуту ААН, а таксама адпаведным нормам міжнароднага права і міжнароднай гандлёвай сістэмы, замацаванай у пагадненнях Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Пра гэта заявіў журналістам у сераду прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

Ён падкрэсліў, што Беларусь лічыць недапушчальным ужыванне «аднабаковых эканамічных мераў прымусу па палітычных матывах», якія «не толькі адмоўна ўплываюць на эканоміку і намаганні ў галіне развіцця, але і робяць агульнае негатыўнае ўздзеянне на міжнароднае эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі ў цэлым».

Папоў адзначыў, што ва ўмовах недружалюбных дзеянняў з боку ЗША Беларусь будзе змушаная адэкватна рэагаваць.

"Адміністрацыя Буша парушыла Мемарандум аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі ад 5 снежня 1994 года, у якой ЗША ў абмен на адмову Беларусі ад уладання ядзернай зброяй абавязаліся не ўжываць да Рэспублікі Беларусь меры эканамічнага прымусу ў мэтах падначалення Беларусі інтарэсам ЗША", – сказаў А.Папоў.

Нагадаем, 13 лістапада ЗША распаўсюдзілі санкцыі, уведзеныя ў дачыненні ўлад Беларусі, на найбуйнейшы ў краіне дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім».

У прыватнасці, замарожваюцца ўсё змешчаныя пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскія рахункі «Белнафтахіма» і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі «Белнафтахім Ю-Эс-Эй». Акрамя таго, амерыканскім бізнэсмэнам загадваецца ўстрымацца ад кантактаў з гэтым канцэрнам.

ЗША таксама заклікалі далучыцца да гэтых санкцый краіны Еўразвяза.

Як адзначаюць эксперты, санкцыі ЗША супраць «Белнафтахіма» могуць стаць толькі пачаткам ціску сусветнай супольнасці на рэжым Лукашэнкі з патрабаваннем вызвалення ў Беларусі палітвязняў і правядзення дэмакратычных рэформ.

Апошнія навіны