BE RU EN

Удзельнічаць у выбарчым фарсе бессэнсоўна

  • 14.11.2007, 14:47

Без выканання 12 прапаноў ЕЗ удзельнічаць у выбарчай кампаніі нельга. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Наколькі апазіцыі трэба ўдзельнічаць у так званых парламенцкіх «выбарах» у 2008 годзе? Усе папярэднія выбарчыя кампаніі паказваюць, што выбараў у Беларусі няма, што іх вынікі брутальна фальсіфікуюцца.

– Цяпер удзел у выбарах мае сэнс толькі тады, калі будзе зламаны механізм фальсіфікацый і будзе знішчаная атмасфера страху. Таму я лічу, у выбарах трэба ўдзельнічаць, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязні, і калі прадстаўнікоў апазіцыі дапусцяць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Гэта ўмовы, без выканання якіх няма сэнсу ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Інакш удзельнічаць у гэтым фарсе нельга.

Прадстаўнікі палітычных партый заяўляюць, што ўдзел у «выбарах» – гэта магчымасць дайсці да выбаршчыка і правесці інфармацыйную кампанію. Няўжо без гэтага нельга працаваць з насельніцтвам?

– Вядома, такая магчымасць ёсць. Прыклад таму кампанія па падрыхтоўцы Еўрапейскага Марша. Інфармацыю можна распаўсюджваць сярод насельніцтва і без прывязкі да «выбараў». Я лічу, што Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы павінны паставіць ультыматум уладзе: або будуць выкананыя прапановы Еўразвяза аб вызваленні палітвязняў і правядзенні свабодных выбараў, або гэтыя, з дазволу сказаць, выбары, загадзя нікім не будуць прызнаныя.

Цяпер дэмакраты гавораць пра тое, што трэба змагацца за свабодныя выбары, але канчатковая пазіцыя пакуль не сфармуляваная. Думаю, што па гэтым пытанні яшчэ будуць весціся дыскусіі і будзе прынятае адпаведнае рашэнне. Лічу, што гэта павінен быць жорсткі ўльтыматум уладам.

Наколькі ўлады здольныя выканаць патрабаванні дэмакратычных сілаў?

– Правядзенне свабодных выбараў – гэта адна з прапаноў Еўразвяза. І з выкананнем гэтага пункту звязаны аб'ём эканамічнага супрацоўніцтва Еўразвяза з Беларуссю. Таму ўлады зацікаўленыя ў гэтым. Іншая справа, наколькі наяўная сітуацыя прыціснула іх да сценкі. Хоць разнос, які ўчора ўчыніў Лукашэнка ўраду, дэманструе, што праблемы ёсць. І вялікія.

Апошнія навіны