Мілінкевіч: У санкцыях ЗША вінаватая сама ўлада
- 14.11.2007, 16:08
Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч усклаў усю адказнасць за ўвядзенне санкцый ЗША ў дачыненні «Белнафтахіма» на беларускую ўладу, якая «не хоча ісці па шляху лібералізацыі і дэмакратызацыі».
«Калі ўлада сёння не пойдзе па шляху лібералізацыі, дэмакратызацыі, то заўтра эканамічная сітуацыя і супрацоўніцтва з дэмакратычнымі краінамі яшчэ больш пагоршыцца», – сказаў Мілінкевіч у інтэрв'ю АФН.
Рашэнне ЗША аб увядзенні санкцый ён не асуджае, нягледзячы на магчымыя наступствы гэтых мераў.
«Санкцыі, якія ўводзяцца супраць рэжыму, вядома ж, удараюць па беларускай эканоміцы і гэта адчуе не толькі ўлада», – адзначыў палітык, аднак нагадаў пра тое, што «дэмакратычныя краіны праводзяць паслядоўную палітыку і Злучаныя Штаты ў тым ліку».
«І гэтая палітыка складаецца з таго, што супрацоўніцтва здзяйсняецца з краінамі, якія захоўваюць прынцыпы маралі, прынцыпы свабоды, дэмакратыі», – падкрэсліў Мілінкевіч.
Напярэдадні адміністрацыя ЗША увяла санкцыі ў дачыненні беларускага дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Мінфін ЗША замарозіў змешчаныя пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскія рахункі канцэрна "Белнафтахім" і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі Belneftekhim USA Inc.