Станіслаў Багданкевіч: ЗША знайшлі найбольш слабае месца Лукашэнкі
- 15.11.2007, 16:40
Экс-старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ўводзячы санкцыі ў дачыненні канцэрна «Белнафтахім», ЗША акцэнтавалі ўвагу на найбольш слабым месцы беларускай эканомікі – энергарэсурсах.
Шмат у чым менавіта праз «Белнафтахім» нашай краінай здзяйсняюцца перспектыўныя кантакты з краінамі-ізгоямі – Іранам і Венесуэлай. Гэта можа растлумачыць, чаму менавіта канцэрн стаў мішэнню для санкцый, сказаў эксперт у інтэрв'ю «Ежедневнику».
На думку былога прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра, санкцыі ў дачыненні «Белнафтахіма» распачатыя, хутчэй за ўсё, з прычыны беларускіх планаў па здабычы нафты ўжо сёлета ў Венесуэле. Такім чынам, ЗША не толькі робяць палітычны жэст у дачыненні Беларусі, але і выстаўляюць канцэрн у негатыўным святле для карпарацый, якія працуюць у Лацінскай Амерыцы.
На погляд кіраўніка Даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, санкцыі могуць паўплываць не толькі на замарожванне актываў, але і на пэўныя нафтавыя кантракты, а таксама на далейшае пагаршэнне энергетычнай складальніка беларускай эканомікі. А гэта, зразумела, адаб'ецца і на палітычным небасхіле. Акрамя таго, можа паўплываць на новую энергетычную палітыку Беларусі па ўзаемадзеянні з Іранам і Венесуэлай. Бо ў адрозненне ад гэтых дзвюх краін самастойна іграць на рынку нафтапрадуктаў Беларусь не можа.
Як лічыць незалежны эканаміст Міхаіл Залескі, «Белнафтахім» для беларускай улады – гэта залаты ключык, які адчыняе дарогу ў будучыню. І гэты ключык спрабуюць калі не адабраць, то забракаваць. Жаданне ж блакаваць такім чынам іранскія або венесуэльскія нафтавыя кантакты эканаміст лічыць занадта складаным спосабам уздзеяння. Хоць, безумоўна, пакуль незразумела, як гэтая «чорная метка» адаб'ецца на выніковасці працы «Белнафтахіма». Ва ўсялякім выпадку, на думку Залескага, санкцыі – ход палітычны, накіраваны на дасягненне ў Беларусі свабоды і дэмакратыі.