Пустыя пагрозы Менска ў адрас Вашынгтона
- 15.11.2007, 11:55
Беларусь пагражае прыняццем санкцый супраць ЗША ў адказ на фінансавыя меры, уведзеныя Вашынгтонам у дачыненні беларускай дзяржаўнай нафтавай манаполіі, паведамляе «Голас Амерыкі».
Гэтае паведамленне прыйшло з Менска праз усяго некалькі гадзін пасля таго, як Міністэрства фінансаў ЗША забараніла амерыканскім фірмам весці бізнэс з беларускім канцэрнам «Белнафтахім». ЗША таксама замарозілі рахункі беларускай нафтавай манаполіі, змешчаныя пад юрысдыкцыяй ЗША. «Белнафтахім» мае ў ЗША даччыную кампанію Belneftekhim USA. Меры супраць «Белнафтахіма» распаўсюджваюцца таксама на яе прадстаўніцтва ў Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі.
Падставай для санкцый з'явіўся загад прэзідэнта Буша ад 2006 г., накіраваны на далейшую ізаляцыю Аляксандра Лукашэнкі. Джордж Буш неаднаразова называў Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы».
У Злучаных Штатаў практычна няма інвестыцый у Беларусі, таму незразумела, да якіх наступстваў могуць прывесці пагрозы Менска.
ЗША і Еўрапейскі Звяз абвінавачвае Лукашэнку ў тым, што ён саджае ў турму сваіх апанентаў і незалежных журналістаў. Захад таксама лічыць, што Лукашэнка сфальсіфікаваў вынікі галасавання ў 2006 годзе, калі ён быў перавыбраны на трэці тэрмін.