BE RU EN

За прафсаюзы ўлады адкажуць увесну

  • 15.11.2007, 15:02

Адміністрацыйны савет Міжнароднай арганізацыі працы "вітае намер урада Беларусі" выканаць рэкамендацыі МАП па пытаннях заканадаўчага рэгулявання дзейнасці прафесійных саюзаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Адміністрацыйнага савета МАП па выніках разгляду "беларускага пытання" падчас пленарнага пасяджэння ў Жэневе 14 лістапада.

На пасяджэнні быў заслуханы даклад аб выкананні Беларуссю 11 рэкамендацый МАП, прадстаўлены міністрам працы і сацыяльнай абароны Уладзімірам Патупчыкам, а таксама аналагічная справаздача Міжнароднага бюро працы, паведамляе БелаПАН.

Як адзначаецца ў выніковым паведамленні, "усе прафсаюзныя арганізацыі павінны функцыянаваць свабодна і дамагацца прызнання заканадаўча і на практыцы". Бо МАП чакае ад беларускага ўрада далейшых дзеянняў і прагрэсу ў гэтым кірунку, прынятае рашэнне вярнуцца да абмеркавання сітуацыі ў Беларусі на вясновай сесіі МАП, у сакавіку 2008 года.

На думку выканаўчага дырэктара Міжнароднага бюро працы МАП Кары Тапіолы "хоць урад Беларусі яшчэ не выканаў усе рэкамендацыі МАП, у прыватнасці, прапанова палепшыць наяўны закон аб прафсаюзах замест распрацоўкі новага законапраекта, ён змяніў часовыя тэрміны і падыход да пытання".

Нагадаем, у 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП прыняў рашэнне аб пачатку расследавання ў дачыненні Беларусі ў сувязі з скаргай незалежных прафсаюзаў. Спецыяльная камісія аналізавала выконванне беларускім урадам канвенцый МАП "Аб свабодзе аб'яднання і абароне права на арганізацыю ў прафсаюзы" і "Аб праве на арганізацыю ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў". Сітуацыя ў Беларусі разглядалася таксама на пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах МАП у рамках 95-ай Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе. У выніку 8 чэрвеня 2007 года Беларусь пятым разам была занесеная ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.

Апошнія навіны