BE RU EN

Вызваліце палітвязняў і спіце спакойна!

  • 16.11.2007, 8:58

Такі сэнс паслання ЗША і ўсяго цывілізаванага свету беларускім уладам. Беларускія службоўцы забываюць – санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўведзеныя праз жорсткія рэпрэсіі супраць апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў выбараў, татальнага парушэння правоў чалавека і невыкананне 12 прапаноў Еўразвяза, накіраваных на нармалізацыю стасункаў цывілізаванага свету з Беларуссю.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, за гады кіравання Лукашэнкі ў краіне былі рэпрэсаваныя дзесяткі тысяч чалавек. То бок – па некалькі тысяч чалавек у год арыштоўваюць, збіваюць, звальняюць з працы, выключаюць з універсітэтаў, запалохваюць іх родных і блізкіх. Асноўныя патрабаванні ЗША і Еўразвяза – вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі.

Прадстаўнік аднаго з беларускіх НПЗ заявіў Інтэрфаксу, што ўведзеныя Мінфінам ЗША санкцыі ў дачыненні дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім" паставілі пад пагрозу правядзенне разлікаў за расейскую нафту. "У выпадку, калі санкцыі ЗША распаўсюджваюцца не толькі на канцэрн "Белнафтахім" як юрыдычную асобу, і на яго "дочкі", але і на прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад канцэрна, то пастаўленая пад пагрозу сістэма разлікаў у далярах за расейскую нафту", – сказаў прадстаўнік НПЗ.

Ён растлумачыў, што ўсе разлікі ў далярах у канчатковым выніку праводзяцца праз карэспандэнцкія рахункі ў амерыканскіх банках, а згодна з механізмам санкцый актывы "Белнафтахіма" ў ЗША павінны быць замарожаныя. На яго думку, Беларусі "цяпер тэрмінова трэба пераходзіць на разлікі ў далярах праз еўрапейскія карэспандэнцкія рахункі, як гэта робіць, напрыклад, Іран".

На думку прадстаўніка Беларускага нафтавага гандлёвага дому (даччынае прадпрыемства "Белнафтахіма", якое ажыццяўляе 100% экспартных продаж беларускіх нафтапрадуктаў), "калі будуць праблемы з доларавымі разлікамі, то мы павінны перааформіць кантракты на закуп нафты і продаж нафтапрадуктаў у еўра".

Разлікі за пастаўкі нафты з Расеі ў Беларусь, як і за прыродны газ і электраэнергію, праводзяцца з ініцыятывы расейскага боку ў далярах ЗША праз карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў.

Асноўнымі пастаўшчыкамі нафты ў Беларусь з'яўляюцца Сургутнефтегаз, Роснефть, Лукойл, Русснефть, Татнефть, ТНК-ВР, Газпромнефть. Увядзенне ЗША санкцый супраць канцэрна "Белнафтахім" і яго даччыных арганізацый таксама можа стварыць пагрозу для рэалізацыі беларускіх праектаў у галіне нафтаздабычы і нафтавыведкі у Венесуэле, заявілі "Інтэрфаксу" ў канцэрне "Белнафтахім".

"Не хацелася б, каб уведзеныя санкцыі з'яўляліся прэвентыўнай мерай у частцы рэалізацыі беларускіх праектаў у Венесуэле. У гэтыя праекты ўкладзенае столькі сілаў і сродкаў, што перагляд ужо наладжаных схем працы ў гэтай краіне можа прывесці да істотных страт, не толькі эканамічнага, але і іміджавага характару", – сказаў прадстаўнік канцэрна.

Паводле дадзеных Мінстата, за студзень–жнівень 2007 года беларускі экспарт з ЗША скараціўся на 13% да $255,6 млн. Аснову паставак з Беларусі ў ЗША складае прадукцыя нафтахімічнага комплексу – на яе долю даводзіцца амаль 90% беларускага экспарту ў гэтую краіну.

Як паведамлялася раней, Мінфін ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненні канцэрна "Белнафтахім" і яго прадстаўніцтваў у Расеі, Украіне, Кітаі, Нямеччыне, Латвіі, ЗША. Яны дададзеныя ў Спіс грамадзян адмысловых катэгорый і забароненых персон (List of Specially Designated Nationals and Blocked Persons). Усе актывы фігурантаў гэтага спісу ў ЗША павінны быць замарожаныя, ім забараняецца весці бізнэс на тэрыторыі краіны. Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі аб'ядноўвае 50 арганізацый (у тым ліку 2 НПЗ, нафтаздабытчык Беларусьнафта, вытворца калійных угнаенняў Беларуськалій) з агульнай колькасцю працоўных каля 120 тыс. чалавек. Прадукцыя канцэрна пастаўляецца больш як у 80 краін. У агульным аб'ёме прамысловай прадукцыі рэспублікі ўдзельная вага арганізацый канцэрна складае каля 35%, а ў агульнарэспубліканскім экспарце – больш як 50%.

Нагадаем, што першым жорсткія эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ўвёў ўрад Канады. Як вядома, міжнародная супольнасць выступае адзіным фронтам па пытанні парушэння правоў чалавека ў Беларусі.

Апошнія навіны