BE RU EN

Расея прыпыніць дзеянне ДОВСЕ 12 снежня

  • 16.11.2007, 8:21

Расея прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДОВСЕ) 12 снежня. Гэта чарговым разам пацвердзіў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў пасля сустрэчы з сваім фінскім калегам Ілккам Канервам.

Сяргей Лаўроў растлумачыў, што ў Расеі абмяркоўваюць ДОВСЕ з двух пунктаў гледжання. Па-першае, старая дамова паміж НАТА і Варшаўскім блокам стала «поўнай бяссэнсіцай», бо Варшаўскай дамовы больш няма, і ўсе яе ўдзельнікі ўступілі ў НАТА, акрамя Расеі. У гэтых умовах заставацца ў старой дамове, азначала б паказаць, што ў Расеі «ёсць праблемы з самапавагай і разумовымі здольнасцямі», – працягнуў міністр.

Па-другое, паводле яго слоў, Расея, Украіна, Беларусь і Казахстан ратыфікавалі адаптаваную да сучасных рэалій дамову, а краіны НАТА не зрабілі гэтага і сыходзяць ад ратыфікацыі па надуманых прычынах.

Лаўроў, якога цытуе ІТАР-ТАСС, зноў падкрэсліў, што яго краіна не карыстаецца правам поўнага выхаду з Дамовы, а захоўвае надзею на пераадоленне крызісу.

Развязанне ж праблемы па ДОВСЕ, на думку Сяргея Лаўрова, залежыць ад партнёраў. «Мы здаволеныя тым, што ў наяўных умовах у партнёраў, краін НАТА выяўляецца разуменне, што неабходна дзейнічаць, – сказаў міністр. – Гэта залежыць ад іх, яны павінны проста ратыфікаваць адаптаваны дакумент». Калі ратыфікацыя пройдзе, то адаптаваны дакумент уступіць у сілу, паабяцаў кіраўнік расейскага знешнепалітычнага ведамства. Ён бачыць гэта рашэннем праблемы.

Апошнія навіны