Аляксандру Мілінкевічу ўручылі прэмію Свабоды
- 17.11.2007, 12:49
16 лістапада, у Дзень беларускай салідарнасьці, у Гамбурзе адбылося ўручэнне прэміі Свабоды лідэру беларускага руху “За Свабоду” Аляксандру Мілінкевічу.
Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод Ліберальным Інтэрнацыяналам – міжнароднай федэрацыяй ліберальных партыяў, у якую ўваходзяць больш за 60 палітычных партый і арганізацый з 56 краінаў свету. Узнагарода прысуджаецца асобам, якія зрабілі выбітны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў.
- Прысуджэнне прэміі Свабоды Ліберальнага Інтэрнацыянала – гэта вельмі важнае міжнароднае прызнанне дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў, дзейнасці па адстойванні правоў чалавека і па распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў у нашай краіне, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. - Я вельмі ўдзячны за тое, што сусветны саюз ліберальных партыяў падтрымлівае нашы памкненні ў дэмакратызацыі і еўрапеізацыі Беларусі. Ваша падтрымка мае для нас вялікае значэнне.
А.Мілінкевіч выказаў упэўненасць, што “ў хуткім часе будзе магчымасць пераканаць усіх песімістаў, што Беларусь можа быць свабоднай, дэмакратычнай краінай адказных грамадзянаў, якім не патрэбныя ні сённяшнія, ні іншыя аўтарытарныя валадары”.
У папярэднія гады прэмію Свабоды Ліберальнага Інтэрнацыяналу атрымалі такія вядомыя палітыкі, як чэскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл, міністр замежных справаў Германіі Ганс-Дзітрых Геншэр, лідэр расейскай партыі “Яблоко” Грыгорый Яўлінскі, прэзідэнт Эстоніі Ленарт Мэры і прэм’ер-міністр Пакістану Бэназір Бхута.