BE RU EN

Незразумелы сход незразумелага аб'яднання

  • 19.11.2007, 8:27

17 лістапада ў Менску ў малой зале Палаца Рэспублікі прайшоў устаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь». У ініцыятыўную групу гэтай незразумелай арганізацыі ўвайшла разнашэрсная кампанія: кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч, старшыня Менгарвыканкама Міхаіл Паўлаў, спартсмены Іван Ціхан, Наталля Цылінская і Юлія Несцярэнка, спявачка Ірына Дарафеева і іншыя.

Беларускія СМІ спачатку надавалі гэтай арганізацыі занадта вялікае значэнне. Пісалася, што Лукашэнка мае намер на яго абаперціся, каб кіраваць вечна, што гэта арганізацыя па тыпе «Единой России» і г.д. Адэкватна адрэагавала на гэтую «падзею» радыёстанцыя «Эхо Москвы»:

«Вельмі смешнае паведамленне сёння прыйшло: рух «Белая Русь» арганізуецца ў падтрымку Лукашэнкі, яго светлай выявы і светлых дзей. Вось ужо не ведаем, хто каго зараз парадзіруе. Белая Русь Вялікую Русь або Вялікая Русь Белую Русь. Дапарадзіруемся мы ўжо да ручкі хутка. Гэты занятак цалкам непрыдатны – тое, чым займаюцца гэтыя таварыствы падтрымкі, таварыствы любові, таварыствы здзіўлення, захапленняў, абажанняў, таварыствы нацыянальных лідэраў, таварыствы невядома чаго …»

Яшчэ больш смешна «Белая Русь» стала выглядаць, калі высветлілася, што яе ўзначаліў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Міністр, які выганяў студэнтаў з ВНУ пасля сакавіка 2006 года, калі яны выйшлі пратэставаць супраць масавых фальсіфікацый выбараў. Міністр, які запомніцца моладзі толькі тым, што пры ім студэнты былі пазбаўленыя ўсіх льгот, а ён ні слова не сказаў у іх абарону. Міністр, пры якім несправядліва асудзілі на 5,5 гадоў былога рэктара галоўнага ВНУ краіны Аляксандра Казуліна, а ён зрабіў выгляд, што нічога не адбываецца.

Якія ж мэты новага аб'яднання? Ну, вядома ж, падтрымка Аляксандра Лукашэнкі. Бо, як сказаў, Радзькоў: «За апошнія гады краіна шмат чаго дамаглася. Рэальнасцю стала палітычная стабільнасць. Паспяхова вырашаюцца эканамічныя праблемы».

Так, ужо дамагліся «шмат чаго» – Беларусь у глыбокім крызісе, як эканамічным, так і палітычным: шалёна растуць цэны, краіна займае трывалае месца сярод рэжымаў-ізгояў, татальна парушаюцца правы чалавека, што выклікае крытыку і санкцыі з боку цывілізаванага свету. І, судзячы па тым, як млява і неўзаметку прайшоў з'езд, улады гэта разумеюць. Таму і паставілі на чале «Белай Русі» Радзькова – ніхто больш сур’ёзны на гэта не пайшоў бы.

Апошнія навіны