Мінпрацы: На ўсіх пенсіянераў льгот не хопіць
- 19.11.2007, 9:38
У Мінпрацы і сацабароны заяўляюць, што прыняцце закона аб пенсійным страхаванні дазволіць больш рацыянальна выкарыстаць пенсійныя сродкі. Начальніца галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Мінпрацы і сацабароны Валянціна Каралёва адзначыла, што рост колькасці пенсіянераў змушае дзяржаву пераглядзець льготы.
Па словах Валянціны Каралёвай, упарадкаванне пенсійных ільгот не пераследуе мэту істотных змяненняў, а тым больш памяншэнне аб'ёму пенсійных гарантый для працаўнікоў. Каментуючы прыняцце парламентам законапраекта "Аб прафесійным страхаванні", прадстаўніца Мінпрацы сказала, што з'яўленне дадзенага дакумента заканамернае.
На думку Валянціны Каралёвай, прыняўшы законапраект у першым чытанні, "парламентарыі падтрымалі ініцыятыву кіраўніка дзяржавы аб увядзенні прафесійнага пенсійнага страхавання працаўнікоў, занятых у адмысловых умовах працы".
"Гэты крок прадыктаваны неабходнасцю своечасовай падрыхтоўкі ўсіх сфер грамадскага жыцця, асабліва пенсійнай сістэмы, да змяненняў, звязаных з старэннем насельніцтва", – цытуе "Тэлеграф" з спасылкай на БелТА словы Валянціны Каралёвай.
Прадстаўніца Мінпрацы падкрэсліла, што "няўхільны рост колькасці пенсіянераў" і, такім чынам, фінансавай нагрузкі на пенсійную сістэму "змушаюць займацца ўпарадкаваннем льгот, якія прадстаўляюцца ў галіне пенсійнага забеспячэння і рацыяналізацыяй пенсійных выдаткаў".
Валянціна Каралёва растлумачыла, што законапраект прадугледжвае вызваленне агульнай пенсійнай сістэмы ад выдаткаў на раннія пенсіі. "Будзе змененая ў корані няправільная, несправядлівая сітуацыя, калі значныя ільготы па датэрміновым пенсіяванні працаўнікоў асобных прафесійных груп, застаючыся практычна бясплатнымі для працадаўцаў, якія выкарыстоўваюць іх працу,фінансуюцца за кошт агульных пенсійных сродкаў", – паведаміла начальніца профільнага ўпраўлення Мінпрацы.