У цэнтры Менска тэмпература ў кватэрах усяго 16 градусаў
- 19.11.2007, 12:23
Дыспетчары цепласетак паменшылі падачу калорый у кватэры. Тэлефоны дыспетчарскіх службаў распаліліся ад званкоў, але рэакцыі няма ніякай. Паводле неафіцыйных дадзеных, нібыта існуе тайная дырэктыва ўсім прадпрыемствам, якія падаюць цяпло, абмежавацца мінімумам пры размеркаванні цяпла спажыўцам.
Дарэчы, у турмах, следчых ізалятарах і іншых месцах, дзе знаходзяцца зняволеныя грамадзяне, тэмпературная норма вызначаная васемнаццаццю градусамі з знакам плюс. Жыхары дамоў, у прыватнасці дом №29 па праспекце Незалежнасці, а гэта самы цэнтр Менска, збіраюць подпісы пад зваротам да ўлад з патрабаваннем падвысіць тэмпературу ў сваіх кватэрах. Людзі ходзяць там у цёплых куртках і ледзь ці не ў валёнках, паведамляе bulletinonline.org.
Затое нядаўна на нарадзе Лукашэнка крытыкаваў кабінет міністраў за невыкананнем па выніках трох кварталаў шасці з 19 асноўных прагнозных паказчыкаў на год. Вось урад і эканоміць на абаграванні грамадзян.
Аднак яны спраўна плацяць па ўсіх рахунках, уключна і спажыванне цяпла! Чаму ж эканомія энергарэсурсаў ідзе за наш кошт? Не думаем, што аплата бальнічных лістоў абыдзецца дзяржаве танней за падвышэнне тэмпературы ў кватэрах менчукоў да належных 18 градусаў.