Міхаіл Кавалёў: «Больш зручна сядзець на табурэтцы, у якой тры ножкі»
- 19.11.2007, 13:05
Дэкан эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Кавалёў мяркуе, што адмоўнае гандлёвае сальда надалей будзе толькі расці. Пра гэта Міхаіл Кавалёў заявіў у інтэрв'ю афіцыйнаму інфармагенцтву БелТА.
«Загасіць гэтыя грошы Беларусь можа шляхам продажу часткі акцый нафтаперапрацоўчага прадпрыемства, напрыклад ААТ "Нафтан". Таксама можна палічыць і чарговы транш "Газпрома" за частку акцый ААТ "Белтрансгаз". У Беларусі далёка не ўся эканоміка прыватызаваная, практычна ўсе буйныя прадпрыемствы належаць дзяржаве», – мяркуе эканаміст.
Таму, на думку Міхаіла Кавалёва, у самай блізкай перспектыве, расейскія кампаніі «павінны купіць частку акцый ААТ "Гродна Азот" і ААТ "Гомельскі хімічны завод». Такім чынам, адмоўнае знешнегандлёвае сальда можна цалкам перакрыць прыток замежных інвестыцый як шляхам прыватызацыі, так і шляхам укладання ў новыя аб'екты.
Акрамя таго, досвед краін, якія развіваюцца, паказвае, што адмоўнае сальда для эканомікі не вельмі небяспечнае ў выпадку, калі імпартуюцца інвестыцыйныя тавары. "Іншая справа, калі гэты імпарт праядаецца. Макароны, расейскае печыва або кітайскія ровары – вось гэта ўжо дрэнна. Адмоўнае сальда за кошт такіх тавараў, несумнеўна, нельга нарошчваць", – падкрэсліў Міхаіл Кавалёў.
Разам з тым эксперт лічыць, што надалей адмоўны паказчык гандлёвага сальда будзе толькі расці. «Гэты паказчык яшчэ больш стане адмоўным. І гэта відавочнае. У нас упершыню сёлета вызначылася адмоўнае сальда з Кітаем. Таму што аднымі калійнымі ўгнаеннямі, цягачамі і трактарамі закрыць экспансію кітайскіх тавараў на ўнутраны рынак немагчыма», – адзначае Кавалёў.
На яго думку, трэба быць рэалістамі і да гэтага варта быць гатовым. Час забыць пра тое, што Кітай прадае толькі тэкстыль. Гэтая краіна сёння выходзіць у лідэры па вытворчасці і рэалізацыі высокатэхналагічных тавараў.
«Услед за кампутарамі і мабільнымі тэлефонамі, якія мы вязем з Кітая, на беларускі рынак неўзабаве прыйдуць і іншыя тавары, якія будуць канкураваць з "Інтэгралам", МАЗам, МТЗ. Таму трэба нарошчваць канкурэнтаздольнасць уласных вырабаў», – адзначыў Міхаіл Кавалёў.
Пры гэтым ён падкрэсліў важнасць актыўнага інвеставання Кітая ў беларускую эканоміку – у сферу сувязі, энергетыку, цэментавую галіну.
«Гэта карысна для айчыннай прамысловасці, і нічога страшнага няма ў тым, што нешта будзе належаць не адным расейцам. Гэта нават больш зручна сядзець на табурэтцы, у якой хаця б тры ножкі. Трэба імкнуцца да таго, каб інвестыцыі ішлі не толькі з Расеі, але і з Кітая, Еўропы. Неабходна збалансаваць гэты паток», – растлумачыў суразмоўца.
Міхаіл Кавалёў лічыць мэтазгодным інвеставанне расейскіх кампаній найперш у тыя галіны, дзе Беларусь выкарыстоўвае іх сыравіну. Калі завод па вытворчасці палімераў, поліэтылену або азоту будзе часткова належаць расейцам, то праблем з пастаўкамі сыравіны на яго не будзе. Да таго ж гэта добрая гарантыя рынку збыту прадукцыі. А інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Еўропай дазволіць Беларусі выкарыстаць у ЕЗ іх збытавыя сеткі пры пастаўках, напрыклад, сінтэтычных валокнаў. Варта прывітаць і намеры Кітая, які імкнецца ісці ў Еўропу з таварамі, сабранымі на беларускіх прадпрыемствах.
Нагадаем, па выніках 9 месяцаў 2007 года ў Беларусі склалася адмоўнае гандлёвае сальда тавараў і паслуг у памеры больш як 2 млрд. даляраў. Афіцыйны Менск асноўнай прычынай называе падаражанне расейскіх энергарэсурсаў, незалежныя эксперты мяркуюць, што дала збой створаная Лукашэнкам мадэль «сацыяльна-арыентаванай» эканомікі.