Нервовая рэакцыя міліцыі на еўрапейскую сімволіку
- 19.11.2007, 15:12
У Беларускі Хельсінскі камітэт паступіла скарга ад менчука, якога затрымалі напярэдадні Еўрапейскага Марша толькі за тое, што ён праходзіў каля намаляванай на сцяне сімволікі Еўразвяза.
«12 кастрычніка, напярэдадні санкцыянаванага ўладамі Еўрапейскага Марша, які павінен быў адбыцца 14 кастрычніка, я быў затрыманы і дастаўлены ў райаддзел супрацоўнікамі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (ПМСП). Мала таго, што ніводны з іх не прадставіўся, не растлумачыў, у сувязі з чым мяне затрымалі, так яшчэ і ў РУУС я праседзеў 4 гадзіны, чакаючы допыту, бо следчы быў заняты.
Высвятляецца, на сцяне адміністрацыйнага будынка, паблізу якога я вяртаўся з трэніроўкі з вялікай спартовай торбай, хтосьці балончыкам намаляваў круг з зорак, а ўсярэдзіне – літары "РБ". Пры допыце следчы падвышаў голас, пагражаў, што "закіне мяне ў камеру", спрабуючы высветліць, дзе ж я схаваў балончык. На пытанне "завошта?", ён усміхаўся і адказваў, што знойдзе завошта. Ён спрабаваў прымусіць мяне прызнацца ў тым, чаго я не здзяйсняў.
Пасля ён абшукаў маю спартовую торбу без удзелу панятых. Але нічога там не знайшоўшы , акрамя формы і прыналежнасцяў для душу, следчы сказаў, што я свабодны, параіў не хадзіць каля такіх надпісаў на будынках, бо у мяне занадта падазроная знешнасць», – гаворыцца ў скарзе.