Беларусь не адмяніла абмежаванні на гандаль з Расеяй
- 2.11.2007, 8:56
З сакавіка гэтага года Беларусь адмяніла 16 з 38 мераў, якія парушалі двухбаковыя стасункі з Расеяй. Пра гэта паведаміла ў інтэрв'ю "Інтэрфаксу" начальніца аддзела па доступе на знешнія рынкі дэпартамента гандлёвых перамоваў Мінэканамразвіцця Расеі Вераніка Нікішына. Пры гэтым яна дадала, што Беларусь не плануе адмяняць усе абмежаванні ў гандлёвых стасунках з Расеяй.
"З моманту падпісання пагаднення – з 23 сакавіка 2007 года (пагадненне па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва) – Беларусь ужо адмяніла 16 мераў з 38, якія мы знайшлі на пачатак года і якія парушалі двухбаковыя пагадненні", – распавяла Вераніка Нікішына.
Пры гэтым яна адзначыла, што паміж Расеяй і Беларуссю застаюцца разыходжанні наконт таго, якія абмежаванні беларускім уладам варта адмяніць.
Па словах Веранікі Нікішынай, беларускі бок мяркуе, што некаторыя абмежаванні не з'яўляюцца дыскрымінацыйнымі і плануе іх захаваць. "Мы лічым, што гэта не так, і наша дыскусія працягваецца, а вырашыць нашу спрэчку няма каму", – заявіла Вераніка Нікішына.