BE RU EN

Чыноўнікі крытыкуюць стварэнне «Белай Русі»: усё роўна нічога не атрымаецца

  • 20.11.2007, 9:21

Устаноўчы з'езд аб'яднання «Белая Русь», які адбыўся ў мінулую суботу, прыцягнуў да сабе ўвагу грамадскасці заявай пра тое, што ў перспектыве магчымае ператварэнне яго ў палітычную партыю.

Віктар Чыкін – галоўны рэдактар газеты «7 дзён», у мінулым – сакратар ЦК ПКБ, першы сакратар ЦК КПБ, створанай пры яго непасрэдным удзеле з групы камуністаў, якая адшчапілася ад ПКБ. У эксклюзіўным каментары для Camarade.biz ён сказаў:

– Спробы стварыць «партыю ўлады» робяцца на постсавецкай прасторы не першым разам. І ўсе яны скончыліся няўдачай. Найлепшы прыклад таму – «Единая Россия». Прычына цалкам відавочная. Партыі ствараюцца не пад пэўнага палітыка, якім бы выбітным ён ні быў, а пад ідэалогію. А ідэі, як вядома, з палітычнай класікі, павінны авалодаць масамі. Пры актыўнай іх прапагандзе на гэта патрабуецца як мінімум дзесяць гадоў. У адваротным выпадку, партыі аказваюцца альбо мёртванароджанымі, альбо дэкаратыўнымі, што мы і назіраем у Расеі. Масавае паломніцтва ў «Единую Россию» тлумачыцца не папулярнасцю самой партыі, а выключна высокім аўтарытэтам Уладзіміра Пуціна.

Пры стварэнні грамадскага аб'яднання «Белая Русь» выкарыстоўваецца, па сутнасці, тая самая тэхналогія. Ідэалогіі ў яе няма. Прынамсі, пакуль. Ёсць адкрыта выказанае –падтрымліваць кіраўніка дзяржавы. Але, шчыра кажучы, я не ўпэўнены, што на такім палітычным узроўні яно Аляксандру Лукашэнку неабходнае. Мімаволі закрадаецца думка, што некаторыя ўпраўныя людзі хочуць выкарыстаць яго імя ў сваіх мэтах. Да таго, што тычыцца ператварэння «Белай Русі» ў «партыю ўлады», я выказваю асцярожны аптымізм. Пажывем – убачым, што з гэтага атрымаецца. Але як чалавек, які прысвяціў партыйнай працы значную частку свайго жыцця, хачу сказаць, што гэтай справай трэба займацца прафесійна і з поўнай аддачай. У Аляксандра Радзькова, які ўзначаліў новую арганізацыю, няма ні адпаведнага досведу, ні магчымасці цалкам прысвяціць сябе партыйнаму будаўніцтву. Ва ўсякім разе, гэта выцякае з яго заявы пра жаданне захаваць за сабою пасаду міністра адукацыі. А значыць, нельга выключыць, што і гэтым разам хочуць зрабіць як лепш, а атрымаецца, як заўсёды!

Апошнія навіны