BE RU EN

«Невыязнымі» будуць тысячы беларусаў

  • 20.11.2007, 10:13

Дакладная колькасць асоб, якія ўвойдуць у адзіны банк дадзеных аб грамадзянах з часова абмежаваным правам на выезд з Беларусі, стане вядомая толькі пасля яго канчатковага фармавання, але ўжо сёння зразумела, што такіх людзей будуць тысячы. Пра гэта паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на Міністэрства ўнутраных спраў.

Звесткі ў банк дадзеных пададуць розныя Міністэрствы і ведамствы. Так, у спіс невыязных увойдуць асобы, якія знаходзяцца пад следствам, умоўна-датэрмінова вызваленыя ад адбывання крымінальнага пакарання, якія не выплацілі дзяржаве або прыватнай асобе доўг, злосныя неплацельшчыкі аліментаў і інш.

"На сёння толькі па сістэме МУС налічваецца каля 5 тыс. людзей з часова абмежаваным правам на выезд за мяжу. Але нават па нашым Міністэрстве ў банку дадзеных такіх будзе значна больш", – адзначылі ў МУС. Цяпер улік невыязных грамадзян здзяйсняецца толькі пасля таго, як яны звяртаюцца за атрыманнем дазваленчага штампа на выезд за мяжу. Пасля стварэння банка дадзеных кожны грамадзянін Беларусі, у якога па нейкай прычыне часова абмяжоўваецца права на выезд за мяжу, будзе занасіцца туды аўтаматычна.

У МУС падкрэслілі, што звесткі пра колькасць уключаных у банк дадзеных невыязных асоб не будуць трымацца ў сакрэце. Акрамя таго, людзей, якіх туды ўключаць, апавясцяць пра гэта загадзя. "Даведвацца непасрэдна на мяжы, што ён лічыцца ў банку дадзеных, чалавек будзе толькі ў выпадку, калі да гэтага супрацоўнікі МУС па аб'ектыўных прычынах не маглі з ім звязацца", – паведамілі ў Міністэрстве.

Па меры таго як будуць знікаць падставы для ўключэння грамадзяніна ў спіс невыязных асоб, ён будзе выведзены з банку дадзеных.

Апошнія навіны