Лукашэнка папрасіў грошай у «алмазнага караля»
- 20.11.2007, 11:32
Аляксандр Лукашэнка запрасіў замежных інвестараў удзельнічаць у рэалізацыі прыярытэтных сацыяльна-эканамічных праектаў. Сустракаючыся ў Менску з кіраўніком ізраільскага канцэрна "Група кампаній Ляваева" (LGC) Львом Ляваевым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў укласці грошы ў адзін з такіх праектаў.
"Да нас паступае шмат прапаноў ад замежных інвестараў. Але мы выбіраем тыя з іх, якія на ўзаемавыгаднай аснове прадугледжваюць максімальнае выкарыстанне патэнцыялу інвестара для вырашэння прыярытэтных сацыяльна-эканамічных задач нашай дзяржавы ў інтарэсах беларускага народа", – цытуе Лукашэнку «Інтэрфакс».
Леў Ляваеў нарадзіўся ў Ташкенце. Пасля эміграцыі ў Ізраіль адразу ж стаў "найбуйнейшым дыамантэрам Ізраіля". Аднак сфера інтарэсаў Ляваева – гэта не толькі дыяменты, а і некалькі буйных будаўнічых кампаній, металургічны завод у Ізраілі, саўладанне паліўнай кампаніяй «Алон» (1.700 газазаправачных станцый і нафтаперапрацоўчых заводаў у ЗША), поўная канцэсія алмазаздабычы ў Анголе. Прадпрыемствы групы размешчаныя ў Расеі, Арменіі, Анголе, Намібіі, ПАР, Ізраілі, ЗША, Кітаі, Індыі, Румыніі, Чэхіі, Баўгарыі, Сербіі. Паводле ацэнак часопіса "Форбс" маёмасць Л.Ляваева ацэньваецца ў больш як 4 млрд даляраў.