Пуцін пагражае свету ядзернай зброяй
- 20.11.2007, 13:08
Расея будзе падвышаць боегатоўнасць стратэгічных ядзерных сілаў, каб нанесці хуткі і адэкватны адказ любому агрэсару, заявіў Уладзімір Пуцін, выступаючы на нарадзе ў Мінабароны РФ. Прэзідэнт папярэдзіў, што Расея "не можа дазволіць сабе заставацца безуважнай да відавочнага "накачвання мускулаў" НАТА на межах з РФ".
Адной з "адэкватных мераў на накачванне мускулаў" некаторымі краінамі і НАТА ён назваў прыпыненне ўдзелу Расеі ў Дамове аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДОВСЕ), перадае ІТАР-ТАСС. "Падкрэслю – гэта змушаная і неабходная мера, – сказаў ён. – Нашы партнёры не толькі не ратыфікавалі дамову, але і не далучыліся да яе. Як толькі нашы партнёры на справе далучацца да адаптаванай Дамовы, а галоўнае, будуць яе выконваць, Расея разгледзіць магчымасць аднаўлення выканання сваіх абавязальніцтваў".
"У парушэнне раней дасягнутых дамоўленасцяў побач з нашымі межамі нарошчваюцца вайсковыя рэсурсы асобных дзяржаў і краін альянсу НАТА. Пры гэтым расейскія прапановы, напрыклад, аб стварэнні адзінай сістэмы ПРА з роўным доступам да яе кіравання ўсіх удзельнікаў, пакуль застаюцца, на жаль, без адказу", – сказаў Пуцін.
Нагадаем, Расея ўводзіць мараторый на ўдзел у ДОВСЕ апоўначы з 12 на 13 снежня. "Добрая справа атрымоўваецца. Што ж, мы будзем чакаць гадамі?" – працягнуў Пуцін. "Вечна знаходзіцца ў гэтым стане не будзем", – дадаў прэзідэнт.
Расеі неабходна і далей нарошчваць барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам, заявіў Пуцін, звярнуўшы ўвагу на "сур'ёзную пагрозу тэрарыстычных і экстрэмісцкіх груповак, а таксама гарачыя кропкі, размешчаныя зблізку расейскіх меж".
Начальнік Генштаба ВС РФ Юры Балуеўскі таксама выступіў перад сходам кіроўнага складу Мінабароны РФ, заявіўшы, што "Расея выканае рашэнне аб увядзенні мараторыя на ДОВСЕ дакладна і ў тэрмін".
Раней абедзве палаты Федэральнага сходу ўхвалілі закон "Аб прыпыненні Расейскай Федэрацыяй дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе" (ДОВСЕ). Закон прыпыняе дзеянне Дамовы, падпісанай у Парыжы ў лістападзе 1990 года. Рашэнне аб аднаўленні яе дзеяння прымаецца ўказам прэзідэнта РФ.
Прыпыненне не азначае канчатковага выхаду з яе, аднак замарожвае абавязальніцтва РФ выконваць яе. Цяпер пагадненне аб адаптацыі ДОВСЕ ратыфікавалі чатыры краіны – Беларусь, Украіна, Казахстан і Расея.