BE RU EN

Працоўныя «Паліміра» патрабавалі падвышэння зарплаты

  • 20.11.2007, 15:47

Актыў Незалежнага прафсаюза ААТ "Палімір" звярнуўся з адкрытым лістом да Генеральнага дырэктара "Паліміра" Аляксандра Шамашова.

У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: "Усе мы ходзім у крамы і бачым цэннікі, дзе лічбы змяняюцца ў большы бок. Усе мы атрымліваем разліковыя лісткі, і бачым, што ў іх лічбы застылі на адным узроўні.

Мы разумеем, што ў гэтакі нялёгкі час для нашага прадпрыемства, ужо добра, што зарплата выплачваецца своечасова і знаходзіцца на ўзроўні. Але, мы ведаем, што, працуючы ў шкодных і цяжкіх умовах працы, нашым працоўным неабходна ў поўнай меры аднаўляць сілы і здароўе. Для гэтага патрэбныя сродкі".

Немалаважным, лічаць сябры Незалежнага прафсаюза і той факт, што з 2008 года адмяняюцца шматлікія ільготы, якімі карысталіся іх дзеці і састарэлыя бацькі, паведамляе сайт Poliprof.info.

"А гэта значыць, што дадатковыя выдаткі лягуць на тых, хто большасць свайго часу аддае працы на прадпрыемстве", – гаворыцца ў адкрытым лісце.

"Калі не падвысіць узровень заработнай платы, то ўзровень жыцця нашых працаўнікоў рэзка знізіцца, а гэта, несумнеўна, адаб'ецца на дзейнасці прадпрыемства".

Аўтары ліста спадзяюцца на разуменне з боку Гендырэктара прадпрыемства.

"Мы ўпэўненыя, што агульнымі намаганнямі мы знойдзем магчымасць захаваць баланс паміж ростам цэнаў і ўзроўнем заработнай платы", – пішуць яны .

Адкрыты ліст да Аляксандра Шамашова – не адзіная спроба Незалежнага прафсаюза "Паліміра" звярнуць увагу працоўных на праблему адмены ільгот. Так у верасні гэтага года "паліміраўцы” заяўлялі пра магчымасць правядзення мітынгу супраць гэтага законапраекта.

Яшчэ раней сябры Незалежнага прафсаюза разам з сябрамі Свабоднага прафсаюза ААТ "Шкловалакно" праводзілі серыю пікетаў са зборам подпісаў на гэтую самую тэму.

Апошнія навіны