BE RU EN

Прамовы Лукашэнкі забаронена перарываць рэкламай

  • 21.11.2007, 8:36

З заўтрашняга дня рэкламныя паўзы на беларускім ТБ стануць карацейшымі. Па новым законе забароненае перарываць рэкламай выступы Аляксандра Лукашэнкі або трансляцыі парадаў.

Ролікі не павінны займаць больш як 20% ад вяшчання – гэта, напрыклад, амаль 5 гадзін для кругласутачнага канала, паведамляе «КП в Беларуси».

Зрэшты, на тэлебачанні і не пускалі рэкламу раніцай, а імкнуліся «ўпіхнуць» яе ў больш рэйтынгавыя, а значыць, дарагія, вячэрнія эфіры. Гледачы не раз скардзіліся, што за той час, пакуль ідуць рэкламныя ролікі ў серыялах, можна прыгатаваць вячэру, паесці і вымыць посуд… Цяпер з 18.00 да 22.00 рэклама не павінна займаць больш як 20 хвілін у гадзіну. Пашанцавала аматарам спорту: спартовыя трансляцыі (нават у запісы!) можна перарываць рэкламай толькі падчас перапынку ў матчы або гульні.

Не павезла піву і слабаалкагольным напоям. Іх нельга рэкламаваць з 7.00 да 20.00 па тэлебачанні, а яшчэ ў аэрапортах, на вакзалах, на прыпынках, у метро, на стэндах і плакатах. А там, дзе рэкламавацца можна, давядзецца скарыстацца фантазіяй. З заўтрашняга дня ў рэкламе піва нельга будзе ўжываць «выявы людзей або жывёлін, у тым ліку маляваныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя)». Атрымліваецца, выкарыстаць у рэкламе Чабурашку (ён жа не жывёліна, а выдумка аўтараў вядомага мультфільма) яшчэ можна, а кракадзіла Гену – ужо не…

Тытуню павезла яшчэ менш: з 1 студзеня 2008 года яго рэклама зусім забараняецца.

Што яшчэ абмяжоўвае новы закон?

• Нельга перарываць рэкламай, нават «бягучым радком», выступы прэзідэнта, прэм'ер-міністра, трансляцыі сесій «палаты прадстаўнікоў» і іншыя афіцыйныя мерапрыемствы.

• Гук рэкламы не павінен быць вышэйшым, чым сярэдні гукавы ўзровень праграмы.

• Нельга будзе круціць двойчы ў гадзіну адну і тую ж рэкламу, калі яна больш за адну хвіліну.

• Не дапускаецца рэклама наркотыкаў, парнаграфіі і… заменнікаў груднога малака, дзіцячых малочных сумесяў.

• Рэкламу, напрыклад рэкламныя плакаты, нельга размяшчаць у кабінетах службоўцаў.

• Забараняецца бясплатнае распаўсюджванне алкагольных напояў (за выключэннем дэгустацыяў) і падаванне больш як 5 літраў такіх напояў у якасці прызоў.

Апошнія навіны