BE RU EN

Дазвольны штамп з 1 студзеня ўжо не адмяняюць?

  • 21.11.2007, 8:37

У сітуацыі з дазвольным штампам заўважаны казус: беларускія ўлады абяцаюць, што з Новага года яго адменяць, аднак ніякіх афіцыйных дакументаў пакуль няма. Амбасады толькі разводзяць рукамі і не даюць віз на 2008 год без запаветнага штампа, а АВІРы тым часам адмаўляюцца яго ставіць, спасылаючыся на абяцанні чыноўнікаў.

Еўрарадыё паспрабавала разабрацца ў каверзнай сітуацыі і высветліла, што штамп ужо не адмяняюць.

Тыдзень таму намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун сцвярджаў, што ў наступным годзе дазвольнага штампа не будзе. Сёння ён гэту інфармацыю не можа пацвердзіць. Перш чым адмяніць штамп, трэба прайсці не адну інстанцыю.

“Праект закону падрыхтаваны. Указ прззідэнта даручыць Саўміну прывесці ў адпаведнасць нарматыўныя акты. Прэзідэнт у гэтым месяцы павінны быў прыняць рашэнне, але я не магу сказаць, што ён прыме яго да канца месяца. Дакладнасць з’явіцца ў снежні - гэта 100%. Да 20-га, да 10-га, да 1-га…”, --сказаў чыноўнік.

На пытанне, ці дакладна можна разлічваць на адмену дазвольнага штампа, Аляксей Бягун адказаў: “Не, канешне”.

Памочнік візавага аддзела Польскай амбасады Таццяна Пачабінская распавяла, што чула пра адмену дазвольнага штампа, але ніякіх дакументаў не атрымлівала. Таму польскую візу на 2008 год без штампа нельга атрымаць. Выключэннем можа стаць наяўнасць запрашэння, тады консул разглядае гэта пытанне асобна і можа даць візу.

У нямецкай амбасадзе запэўнілі, што працуюць толькі з тымі пашпартамі, у якіх ёсць штамп. Тое ж самае адказваюць і ў літоўскай амбасадзе: ёсць штамп на наступны год - будзе і віза.

Адзіная амбасада, якая не надае ніякай ўвагі дазвольнаму штампу і сёння, - французская. У консульскім аддзеле кажуць, што зыходзячы з каментароў МУС, яны зрабілі выснову, што штампа хутка не будзе, але на іх гэта рашэнне ніяк не паўплывае.

“Па-першае, штампа не будзе, наколькі вы памятаеце: яго афіцыйна адмяняюць. Я, канешне, не маю права гэта пацвярджаць. Але ў любым выпадку, нас гэты штамп не цікавіць. Мы ставім візу, калі штамп ёсць, калі яго няма, сапраўдны ён ці не. Гэта ваша праблема: выпусцяць вас памежнікі ці не”, -- сказалі ў амбасадзе.

Інспектар аддзела па грамадзянскай міграцыі АВІРа Фрунзенскага раёна не ведае нават, што рэкамендаваць - ставіць (працягваць) дазвольны штамп на 2008 год ці пачакаць, калі ўсё набудзе афіцыйны статус.

Апошнія навіны