Расея пазбавіць Беларусь самага каштоўнага «падарунка»?
- 21.11.2007, 12:33
Сыход Міхаіла Гуцарыева, якога цяпер беспаспяхова шукаюць расейскія праваахоўныя органы, з кампаніі «Руснафта», можа каштаваць Беларусі аднаго з яе самых каштоўных замежных актываў – долі ў транспартнай «дачцэ» «Руснафты» – ТАА «НК «Руснафта- Бранск».
Федэральная падатковая служба Расеі яшчэ ў красавіку гэтага года звярнулася ў суд аб прызнанні несапраўднымі пагадненняў па куплі-продажу акцый нафтавай кампаніі. Сярод аднаго з 11 адказчыкаў па гэтых справах, у тым ліку фігуруе і кіпрскі афшор «Шэддак Трэйдзінг Лімітэд», які ў кастрычніку 2006 года «падарыў» беларускаму ўраду 25% акцый «Руснафты-Бранск», піша «Завтра твоей страны».
Потым паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі гэтая доля была перададзеная ў гаспадарчае ўпраўленне РУП «ПА «Беларусьнафта». Сёлета «Беларусьнафта» павінна была атрымаць з гэтых акцый першыя дывідэнды, якія меркавалася пералічыць у дзяржбюджэт. Эксперты мяркуюць, што ў судзе будзе пастаўленае пытанне і аб законнасці дадзенага пагаднення.
Але нават калі суд прызнае яе законнай, новы магчымы ўладальнік «Руснафты» –кампанія «Базэл» (належыць Алегу Дзерыпаске) наўрад будзе згодны, каб чвэрць акцый найбуйнейшага прадпрыемства Бранскай вобласці заставалася ў руках беларускага боку. Цяпер, паводле інфармацыі расейскіх СМІ, «Базэл» гатовы выкласці 6,5 млрд даляраў за актывы «Руснафты». І у іх пераліку прадпрыемства «Руснафта-Бранск» займае далёка не апошняе месца. Гэта адзін з найбуйнейшых у Расеі экспартных чыгуначных нафтаналіўных тэрміналаў, разлічаных на перавалку 5 млн тон нафты ў год у напрамку Беларусі, краін Балтыі і Усходняй Еўропы. У яго інфраструктуру ўваходзіць магістральны нафтаправод і рэзервуары.
Праект у свой час абышоўся Гуцарыеву ў 90 млн даляраў. Тым не менш, ён палічыў мэтазгодным падарыць 25% долі беларускаму боку. Такі шчодры «падарунак», лічаць эксперты «Завтра твоей страны», рабіўся з намерам – да сваёй адстаўкі ў «Руснафце» Міхаіл Гуцарыеў рабіў неаднаразовыя спробы атрымаць пад уласны кантроль нафтаперапрацоўчыя і нафтахімічныя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. «Падарунак» павінен быў паскорыць перамовы і спрыяць іх станоўчаму выніку. Аднак адзінае, што здолеў атрымаць ад Менска Гуцарыеў, гэта магчымасць бесперашкодна вылецець з беларускага аэрапорта ў невядомым напрамку, калі ў Расеі ён ужо быў абвешчаны ў вышук.