Міністр адукацыі гатовы да дыялогу з апазіцыяй
- 23.11.2007, 8:38
«Мы маем намер супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку і з апазіцыйнымі», – сказаў старшыня грамадскага аб'яднання «Белая Русь», міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў у інтэрв'ю «Народнай волі». – Нам цікавая гэтая дыскусія, сутыкненне меркаванняў. Мы гатовыя да гутаркі і дыялогу з усімі і з кожным».
Для даведкі
Устаноўчы з'езд “Белай Русі” гэтымі днямі прайшоў у Палацы Рэспублікі.
Па словах Радзькова, стварэнне “Белай Русі” прайшло выключна “па добрай волі людзей”.
“Гэты рух ад народа”, – не раз паўтараў Радзькоў.
Арганізацыя мае намер падтрымліваць палітыку дзейнага кіраўніка дзяржавы.
Па словах Радзькова, сёння ў аб'яднанні ў агульнай складанасці налічваецца не менш як 25 тысяч сяброў.
Некаторыя прадстаўнікі “Белай Русі” маюць намер удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, якія неўзабаве маюць адбыцца..
Дарэчы, Аляксандр Радзькоў не мае намеру сыходзіць з пасады міністра і цалкам прысвяціць сябе “Белай Русі”.
“Гэта для мяне грамадская нагрузка, пакуль я буду працаваць міністрам”, – сказаў Аляксандр Міхайлавіч.
Абралі Радзькова на пяць гадоў.
“У нас з'езд не радзей аднаго разу ў пяць гадоў, – удакладніў Радзькоў. – Але загадваць на пяць гадоў я не стаў бы, таму што жыццё дынамічнае. Думаю, што нам хаця б год патрабуецца, каб грамадскае аб'яднанне зрабіць структураваным, спраўна працуючым, а там жыццё пакажа”.
ПЫТАННЕ РАБРОМ
Колькі каштаваў абед?
Пасля завяршэння ўстаноўчага з'езду “Белай Русі” ўсіх дэлегатаў і прысутных запрасілі на абед.
На закуску прапаноўвалася салата шопская з некалькімі кавалачкамі вяндліны, на гарачае падавалі бужаніну з грэчкай і долькамі кансерваваных агуркоў, з напояў – яблычны сок і мінералка. Па словах афіцыянтаў, такі абед каштуе прыкладна 30 тысяч беларускі рублёў. А у Палацы Рэспублікі прысутнічалі амаль 400 чалавек.
– За кошт якіх сродкаў быў праведзены ўстаноўчы з'езд і хто аплачваў такі добры абед? – спытала “Народная воля” у Радзькова.
– У нас ёсць аб'яднанні на месцах ужо з сваімі рахункамі, з сваімі юрыдычнымі асобамі, ёсць спонсары. Яны дазволілі нам арандаваць Палац Рэспублікі і нават пакарміць дэлегатаў. Я лічу, што гэта правільна...
Праўда, Радзькоў не здолеў назваць пэўную суму, выдаткаваную на з'езд.
– Я не магу сказаць цяпер, гэтым займаліся памочнікі, але мы сціпла ўсё гэта рабілі...