Fitch Ratings: У Беларусі адзначаецца істотная валютная рызыка
- 23.11.2007, 16:01
Ліквіднасць банкаўскага сектара Беларусі з'яўляецца ўразлівай, паказчыкі капіталізацыі пагаршаюцца, і адзначаецца істотная валютная рызыка. Да такой высновы прыйшло міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings, якое апублікавала новую спецыяльную справаздачу, прысвечаную банкаўскай сістэме Беларусі.
У ёй гаворыцца, што беларускія банкі вядуць дзейнасць у складанай аперацыйнай серадзе, якой уласцівы моцны ўплыў дзяржавы на банкі, найперш у форме дырэктыўнага крэдытавання і рэгулявання працэнтных ставак.
Узровень абясцэнення крэдытаў можа істотна падвысіцца па меры набліжэння тэрмінаў пагашэння крэдытаў і ўплыва павелічэння цэн энерганосьбітаў на рост крэдытнага партфеля банкаў.
Адзначаецца, што прыбытковасць беларускіх банкаў стрымліваецца з прычыны рэгулявання маржы, высокіх выдаткаў і буйных адлічэнняў у рэзерв пад абясцэненне ў сувязі з назіраным ростам.
На пачатку 2007 года беларускія банкі мелі праблемы з ліквіднасцю па меры таго, як растучыя цэны на газ узмацнялі асцярогу адносна паніжэння курсу беларускага рубля, што прыводзіла да вынятку дэпазітаў у беларускіх рублях і канвертацыі сродкаў у замежную валюту. Да красавіка сітуацыя стабілізавалася, але Fitch працягвае ацэньваць рызыку ліквіднасці як высокую, бо фандаванне з'яўляецца пераважна кароткатэрміновым. Банкі ўразлівыя да рэзкага паніжэння курсу беларускага рубля з прычыны ўласных кароткіх пазіцый па даляры ЗША, значных аб'ёмаў валютнага крэдытавання пазычальнікаў, якія нярэдка не маюць прыбыткаў у замежнай валюце, а таксама патэнцыйнага ўздзеяння паніжэння курсу беларускага рубля на стабільнасць дэпазітаў.
Хуткі рост актываў робіць ціск на капіталізацыю беларускіх банкаў і, нягледзячы на ўліванні акцыянернага капіталу, прадстаўленыя дзяржавай банкам у дзяржаўнай уласнасці, паказчыкі дастатковасці капіталу пагоршыліся і разглядаюцца Fitch як слабыя з улікам высокіх рызык аперацыйнай серады, падкрэслівае агенцтва.