BE RU EN

Аляксандр Мілінкевіч: «Вызваленне палітзняволеных – гэта першы крок, які павінны зрабіць улады»

  • 26.11.2007, 10:42

23 лістапада ў Рызе праходзіла канферэнцыя “Палітыка добрасуседства Еўрасаюза: па шляху да Еўропы з агульнымі каштоўнасцямі”.

- Узаемны давер будуецца на ўзаемных абавязках, - адзначыла старшыня эстонскага парламенту Энэ Эргма. – Суседзі маюць такое “хатняе заданне”. Гэта цяжка, але па іншаму немагчыма.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка распавёў пра гістарычныя сувязі паміж краінамі, падкрэсліў, што галоўнае для ўрада Беларусі - гандаль і эканоміка, і Еўрасаюз з’яўляецца другім партнёрам Беларусі пасля Расіі. Намеснік міністра выказаў надзею, што балтыйскія краіны дапамогуць у супрацоўніцтве з ЕС.

Міністр замежных справаў Літвы Петрас Вайтэкунас прапанаваў развіваць дыялог Еўропы з Беларуссю і стварыць міжпарламентскую асамблею рэгіёна, у якую будуць уваходзіць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі.

У другой частцы канферэнцыі выступіў Аляксандр Мілінкевіч. У сваёй прамове лідэр руху “За Свабоду” выказаўся за раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялог паміж беларускім грамадствам і уладай, за пашырэнне кантактаў краінаў ЕС з беларускай грамадзянскай супольнасцю і за выкананне 12 умоваў ЕС, якія адпавядаюць беларускаму нацыянальнаму інтарэсу. Вызваленне ўсіх палітзняволеных і спыненне рэпрэсіяў – гэта першы крок, які павінен зрабіць афіцыйны Мінск.

Удзел у канферэнцыі прымалі спікеры парламентаў Латвіі, Эстоніі, Літвы, міністры замежных спраў Латвіі, Эстоніі, Літвы, Азербайджану, намеснікі міністраў замежных спраў Малдовы, Украіны і Беларусі, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку фундацыяў Рабэра Шумана (Францыя) і Джэймстаўна (ЗША), Пан-еўрапейскага інстытуту (Фінляндыя), інстытуту сацыяльных і палітычных даследаванняў (Латвія).

Апошнія навіны