Эколагі заклікаюць не падаўжаць дыплом Белавежскай пушчы
- 26.11.2007, 14:02
Вядомы беларускі журналіст і эколаг Валеры Дранчук заклікаў Раду Еўропы "выстаяць перад самымі гарачымі запэўненнямі з беларускага боку аб добрых намерах" і не падаўжаць Дыплом Белавежскай пушчы.
Валеры Дранчук лічыць, што дыплом РЕ закліканы быць "прыладай захавання Белавежскай пушчы, але сёння нацыянальным паркам – месцам Сусветнай спадчыны – кіруюць загартаваныя на здабычы валюты дзялкі".
Таму, падоўжыўшы Дыплом, Рада Еўропы "заплюшчыць вочы на выклікі наяўнага там беззаконня, і выдасць аванс на далейшую біясферна-несумяшчальную гаспадарчую дзейнасць, якая ўступае ў супярэчнасць з самім статусам нацыянальнага парку", мяркуе публіцыст-эколаг.
На думку Валерыя Дранчука, "за дзесяць гадоў Дыплом не стаў рэальна дзейным стымулам для больш эфектыўнага кіравання паркам. Не стаў ён і механізмам "дамоклава мяча", які стрымлівае лесапрамысловую альбо іншую гаспадарчую дзейнасць, якая адводзіць кіраўніцтва і персанал нацыянальнага парку далёка ў бок ад задач захавання Белавежскай пушчы і нярэдка з'яўляецца прамой прычынай яе дэградацыі".
Валеры Дранчук лічыць, што ўлады не толькі хаваюць ад незалежных экспертаў рэальнае становішча, у якім знаходзіцца Нацыянальны запаведнік, але і пераследуюць тых, хто імкнецца не дапусціць знішчэння Белавежскай пушчы. У якасці прыкладу ён прыводзіць некалькі гісторый звязаных з ім асабіста.
"У дачыненні мяне як публіцыста і выразніка альтэрнатыўнага погляду на практыку і якасць захавання пушчы кіраўніцтва нацыянальнага парку ў апошнія гады стала ўжываць метады беззаконня.
У 2003 годзе з маёй ініцыятывы і пры падтрымцы Прадстаўніцтва ААН адбыўся прэс-тур у нацыянальны парк, аднак я не быў акрэдытаваны рэжымам ні для паездкі ў парк, ні для ўдзелу ў прэс-канферэнцыі па яе выніках.
У 2004 годзе я атрымаў запрашэнне беларускай нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА на сустрэчу-дыялог экспертаў ЮНЭСКА/МСОП з прадстаўнікамі беларускай экалагічнай грамадскасці. Час майго знаходжання на тэрыторыі парку кіраўніцтва абмежавала да адной гадзіны, а перашкоды, выстаўленыя перад мной, сталі прычынай таго, што інтэрв'ю з экспертам МСОП спадаром Фландэрам, не адбылося; загадзя дамовіўшыся, я не змог прайсці да месца нашай сустрэчы.
У 2006 годзе без усякіх падстаў і ў парушэнне Закона аб друку я ў першы дзень камандзіроўкі быў дэпартаваны з нацыянальнага парку (умова экстранага ад'езду была пастаўленая ваенізаванымі службамі пад пагрозай майго арышту)", – сцвярджае Дранчук.
Нагадаем, Рада Еўропы гэтымі днямі мае намер разгледзець пытанне вяртання прэстыжнага дыплома РЕ Белавежскай пушчы. Тэрмін дзеяння дыплома мінуў 30 верасня, а на наступныя пяць гадоў аўтаматычна дыплом падоўжаны не быў. На думку экспертаў, беларускім бокам не быў выкананы ніводны з пунктаў дамовы, таму шанцы вярнуць дыплом блізкія да нуля.
Аднак афіцыйны Менск спадзяецца пераканаць РЕ, што выканаць умовы Дыплома было абсалютна немагчыма. З гэтай мэтай у Страсбург адправілася прадстаўнічая дэлегацыя на чале з намеснікам міністра Міністэрства аховы прыроды Галінай Ваўчугай і дырэктарам запаведніка Іванам Бамбізам.
Ці прыслухаюцца ў Радзе Еўропы да довадаў эколагаў або падтрымаюць службоўцаў, стане вядома 29 лістапада, калі будзе прынятае канчатковае рашэнне аб лёсе Дыплома.