ЦВК прапаноўвае спрасціць «выбары»
- 26.11.2007, 17:31
Першы этап парламенцкіх выбараў можна б было праводзіць па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Такое меркаванне ў інтэрв'ю БелаПАН выказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
"На мой погляд, можна было б спрасціць сістэму галасавання на парламенцкіх выбарах, як мы спрасцілі яе пры галасаванні на мясцовых выбарах. То бок, укараніць мажарытарную сістэму адноснай большасці на першым этапе, калі пераможцам становіцца кандыдат, які набраў большую колькасць галасоў. Гэта дазволіць не праводзіць два этапы галасавання", – адзначыў М.Лазавік.
Сакратар Цэнтрвыбаркама, аднак, мяркуе, што "парламенцкія выбары, якія маюць быць, пройдуць у рамках дзейнага заканадаўства". Паводле яго слоў, пытанне ўжывання мажарытарнай сістэмы адноснай большасці на першым этапе парламенцкіх выбараў абмяркоўвалася, калі прымаліся змяненні і дадаткі па практыцы правядзення мясцовых выбараў, але тады гэтая прапанова "не атрымала падтрымкі ў парламентарыяў".
"Думаю, да парламенцкіх выбараў, якія маюць быць, у нас істотных змяненняў у выбарчым заканадаўстве не будзе", – сказаў М.Лазавік.
Нагадаем, раней у якасці найбольш верагоднай даты правядзення чарговых парламенцкіх выбараў прадстаўнікі ЦВК называлі 12 кастрычніка 2008 года.
Ніводная з выбарчых кампаній, што адбыліся ў Беларусі з 1996 года, не была прызнаная законнай. Усе «выбары» прызнаныя міжнароднай супольнасцю нелегітымнымі.