BE RU EN

Беларусь падкручвае рэйтынг

  • 27.11.2007, 8:45

Беларусь разлічвае на атрыманне бюджэтнага крэдыту з боку Расеі ў памеры $1,5 млрд па стаўцы LIBOR плюс 0,75%, заявіў учора міністр фінансаў краіны Мікалай Корбут. У Беларусі крэдыт называюць "камерцыйным з паніжанай маржой", расейскія аналітыкі лічаць прапанаваную стаўку нярынкавай. Зрэшты, Беларусь гатовая зрабіць палітычныя саступкі Расеі – напрыклад, пераводам у рублі разлікаў па пастаўках у краіну нафты, піша газета «Коммерсант».

Меркаваныя Беларуссю ўмовы крэдыту ў памеры $1,5 млрд міністр фінансаў краіны назваў у інтэрв'ю Інтэрфаксу ў Лондане. "Кошт расейскага стабілізацыйнага крэдыту складзе LIBOR плюс 0,75% гадавых, – сказаў спадар Корбут. – Па сутнасці, гэта камерцыйны крэдыт, толькі меншая маржа". Па яго словах, канчатковага рашэння па выдзяленні крэдыту Мінфін Расеі не прыняў, але праект крэдытнага пагаднення ўзгоднены бакамі, Мінфін Беларусі мае права яго падпісаць. Тэрмін, на які прапаноўваецца даць крэдыт, спадар Корбут не назваў. Крэдыт, які закліканы кампенсаваць бюджэтныя праблемы Беларусі праз падвышэнне Расеяй цэн на газ, які пастаўляецца ў краіну, мяркуецца атрымаць двума траншамі: $1 млрд да канца 2007 года і $500 млн у першым паўгоддзі 2008 года. У Мінфіне Расеі Ъ учора растлумачылі, што пакуль крэдыт не выдадзены, умовы канчаткова не ўзгодненыя, і каментаваць памер стаўкі, суму і тэрмін крэдыту адмовіліся.

Аналітыкі лічаць заяўленыя Беларуссю ўмовы крэдыту нярынкавымі. Аляксей Майсееў з "Ренессанс Капитала" мяркуе: "Па такіх стаўках нават першакласныя пазычальнікі не могуць узяць крэдыты, не то што Беларусь з рэйтынгам В+. Як мінімум, плюс 1,2%. Эмітэнт з такім рэйтынгам, як Беларусь, на рынку цяпер увогуле нічога не возьме. Забяспечаны экспартнай выручкай крэдыт “Евраза” каштаваў LIBOR плюс 1,6%. Сумлення ў іх няма. Гэта проста падарунак лёсу для Беларусі!" Адзначым, учора намесніца старшыні праўлення Ашчадбанка Бэла Златкіс паведаміла пра гатоўнасць банка, які мае крэдытны рэйтынг на некалькі прыступак вышэйшы за беларускага, прыцягнуць сіндыкаваны крэдыт на суму $1-1,5 млрд пад LIBOR плюс 0,45.

Юлія Цяпляева з Merrill Lynch лічыць, зрэшты, крэдытныя ўмовы Беларусі рэалістычнымі. "Грошай у Расеі шмат, іх так ці інакш выдаткуюць. Даць крэдыт Беларусі – гэта не самае дрэннае іх ужыванне. Такі крэдыт лаяльнасці наўрад ці прасуне рэформы ў рэспубліцы, хутчэй наадварот. З 2006 года памер субсідавання Беларусі памяншаецца, і стаўка па крэдыце паказвае стаўленне да Беларусі. Яна проста залімітавая", – гаворыць аналітык.

І спадарыня Цяпляева, і Аляксандр Кудрын з "Тройки Диалог" мяркуюць, што крэдыт з боку Расеі для Беларусі – добрая альтэрнатыва выпуску краінай еўрабондаў, гутарка пра якія ідзе з канца 2006 года. "У гэтым крэдыце, вядома, элемент палітыкі. Мне здаецца, што для квазірынкавых міждзяржаўных крэдытаў такая стаўка можа быць абгрунтаванай. Калі б Беларусь выйшла на рынак еўрабондаў, улічваючы, што гэта быў бы дэбютны выпуск, ім бы ён каштаваў працэнта на два даражэй", – лічаць у "Тройке".

Зрэшты, Беларусь гатовая на некаторыя палітычныя і іміджавыя саступкі. Так, спадар Корбут, каментуючы ўведзеныя ЗША супраць беларускага дзяржканцэрна"Белнафтахім" санкцыі, растлумачыў, што абаронай ад іх можа быць перавод гандлю нафтай з Расеяй на расейскія рублі. Нагадаем, перавод гандлю нафтай у рублі неаднаразова аб'яўляў сярэднетэрміновым прыярытэтам прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Апошнія навіны