Бітва на Бярэзіне: больш за 100 аўтамабіляў патрапілі ў «пробку» (Фота)
- 27.11.2007, 12:41
25 лістапада супрацоўнікамі Барысаўскага ДАІ быў пазапраўна перакрыты рух прыватнага аўтатранспарту, які накіроўваўся на шырока разрэкламаваную па тэлебачанні і радыё рэканструкцыю бітвы расейскага і французскага войскаў пры пераправе Напалеона праз Бярэзіну. Прыкладна ў 10 км ад Брылёўскага поля, дзе адбывалася бітва, дарога была перакрытая службовым аўтамабілем ДАІ. У пробку патрапілі больш за 100 аўтамабіляў.
Свае дзеянні супрацоўнікі ДАІ матывавалі загадам вышэйшага кіраўніцтва, аднак подпісы ў пастанове аб абмежаванні руху адсутнічалі, а патрабаванні грамадзян звязацца з кіраўніцтвам па рацыі проста ігнаравалі. Самі ж даішнікі актыўна з кімсьці вялі перамовы па мабільнай сувязі. Таксама рэкамендавалі тэлефанаваць па ўсіх пытаннях у дзяжурную частку міліцыі, а там тэлефонныя званкі проста скідвалі. У пробку патрапіў нават аўтобус з удзельнікамі імпрэзы, калі даішнікі яго прапускалі, невялікай частцы аўтамабіляў атрымалася праскочыць за міліцэйскі кардон.
Матывацыя забароны на праезд незразумелая, бо, напрыклад, машыны дыпламатычнага корпуса ўжо даўно былі на месцы падзеі, месца для гледачоў таксама хапала. Пропускі з пячаткай "Аддзела ідэалагічнай працы Барысаўскага выканкама", пра якія супрацоўнікі ДАІ нават не казалі, усе ж былі на некаторых аўто. Усё гэта нагадала пра бессэнсоўную забарону на правядзенне бардаўскага фэсту на Крапівенскім полі пад Оршай.








