Міліцыянты зьдзекваліся зь дзяўчыны за графіці
- 27.11.2007, 12:39
Сёньня а 15 гадзіне моладзевая актывістка Кацярына Салаўёва мусіць зьявіцца ў міліцыю на допыт. Наконадні ўвечары яе затрымалі асобы ў цывільным ля будынку Полацкага гарвыканкаму пасьля таго, як тая напісала фарбай на сьцяне лёзунг: “Нас не спыніць! МФ”.
Асобы ў цывільным павалілі дзяўчыну на зямлю і трымалі яе да той пары, пакуль не прыехала міліцэйская машына. Кацярына Салаўёва была дастаўлена ў пастарунак, дзе на яе быў складзены пратакол, паведамляе “Радыё Свабода”.
Толькі ля 2-й гадзіны ўначы Кацярына была адпушчаная дахаты. Пры гэтым у яе сканфіскавалі нататнік з адрасамі і тэлефонамі, бел-чырвона-белы сьцяг і балёнчык з фарбаю.
Нагадаем, два дні таму, таксама ля будынку Полацкага гарвыканкаму затрымалі маладафронтаўца Алеся Круткіна, які спрабаваў напісаць на сьцяне палітычны лёзунг.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Круткін абвінавачваецца ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці і бліжэйшым часам атрымае позву ў суд.