Іран стварыў новую балістычную ракету
- 27.11.2007, 13:15
Міністр абароны Ірана Мустафа Мухамад Наджар (Mostafa Mohammad Najjar) заявіў 27 лістапада, што яго ведамства зрабіла новую балістычную ракету далёкага радыусу дзеяння, паведамляе AFP.
Па словах Наджара, ракета, якая атрымала назоў "Ашура" (Ashura) у гонар цырымоніі памінання шыіцкага імама Хусейна, здольная паражаць цэлі на адлегласці да 2000 кіламетраў. Здымкі новай ракеты пакуль прадэманстраваныя не былі.
Нагадаем, што ў лістападзе 2006 года Іран паведаміў пра паспяховыя выпрабаванні балістычных ракет "Шахаб-3" (Shahab-3), далёкасць палёту якіх нібыта складае да 2000 кіламетраў. Аднак у верасні 2007 года падчас вайсковага параду ў памяць аб Ірана-Іракскай вайне 1980-1988 гадоў было абвешчанае, што радыус дзеяння "Шахаб-3" складае ўсяго 1300 кіламетраў.
Тады ж падчас гэтага параду Іран паказаў новую балістычную ракету сярэдняга радыусу дзеяння "Ghadr" ("Сіла"), якая здольная паражаць цэлі на адлегласці да 1800 кіламетраў. Па словах экспертаў, "Ghadr" з'яўляецца палепшанай версіяй ракеты "Шахаб-3".