Ці ўзаконяць татальны кантроль над беларусамі?
- 27.11.2007, 14:14
Заўтра дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» зноў разгледзяць не прыняты імі 16 лістапада законапраект аб рэгістры насельніцтва. Нагадаем, што гэты дакумент «дэпутаты» назвалі парушаючым свабоду асобы і ў першым чытанні не прынялі. Але і не адхілілі.
На "дапрацоўку" законапраекта спатрэбілася менш за тыдзень. Хапіла аднаго пашыранага пасяджэння профільнай парламенцкай камісіі з удзелам службоўцаў, каб ліквідаваць усе рознагалоссі. Журналістаў на пасяджэнне не пусцілі, таму наколькі змяніўся тэкст дакумента судзіць складана. Думаецца, што калі і памянялася нешта, то малаважна – канцэпцыя засталася ранейшай: усіх перанумараваць і ўнесці 26 асабістых параметраў у электронны банк дадзеных.
Калі казаць пра сутнасць законапраекта, то распрацоўшчыкі прапаноўваюць сабраць разам усе наяўныя звесткі пра беларусаў, дапоўніць іх шэрагам асабістых дадзеных (маёмасць, адукацыя, сямейнае становішча, месца працы, група крыві і інш., усяго 26 параметраў) і такім чынам сфармаваць электронны дзяржаўны рэгістр. Пасля гэтага кожнаму беларусу будзе прысвоены ідэнтыфікацыйны нумар.
Рэалізацыя толькі першага, трохгадовага этапу стварэння дзяржаўнага рэгістра, паводле падлікаў распрацоўшчыкаў, абыдзецца казне ў 45 млрд. BYR і запатрабуе стварэння апарата ў складзе 700 чалавек.