BE RU EN

Лукашэнка ўзяўся за старую зброю

  • 27.11.2007, 14:02

«Абароназдольнасць краіны – найважнейшы элемент. Каб ісці ў нагу з часам, трэба закупляць новую зброю, комплексы або мадэрнізаваць тэхніку, якая стаіць на ўзбраенні. Што нам трэба, мы будзем закупляць, але асноўным кірункам павінна стаць мадэрнізацыя ўзбраення», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі.

Пры гэтым ён адзначыў, што «Беларусь будзе мадэрнізаваць сваё ўзбраенне і тэхніку, але не адмовіцца ад закупаў новых узораў», паведамляе «Інтэрфакс»

На думку Лукашэнкі, «калі мы навучымся гэта рабіць у сябе, то зможам аказваць паслугі там, дзе гэтая зброя і тэхніка знаходзяцца на ўзбраенні».

Аднак пры гэтым высветлілася, што мадэрнізаваць ваенную тэхніку беларускі ВПК яшчэ не навучыўся. Лукашэнка раскрытыкаваў прадстаўнікоў камітэта за зрыў тэрмінаў па мадэрнізацыі змешчанага на ўзбраенні зенітна-ракетнага комплексу "Бук" і выказаў сумненне ў неабходнасці працягнення працы па яго мадэрнізацыі. «Прайшоў час, а тэрміны апынуліся сарванымі», – заявіў ён.

Па словах Лукашэнкі, яшчэ ў 2004 годзе было прынятае рашэнне аб правядзенні капітальнага рамонту і глыбокай мадэрнізацыі комплексу. «Гэта вельмі эфектыўная зброя, калі яе мадэрнізаваць. Гэта тое, што трэба для нашых узброеных сілаў», – сказаў Лукашэнка, адзначыўшы пры гэтым, што «тое, што ў свой час змадэрнізавала Расея несучаснае і абсалютна нас не задавальняе».

Лукашэнка заявіў, што перыядычна падаўжаліся тэрміны мадэрнізацыі комплексу, згодна з апошнім хадайніцтвам прапаноўвалася падоўжыць тэрмін прац па мадэрнізацыі ЗРК да канца 2007 года. Аднак «высветлілася, што нават мадэрнізаваны ўзор не гатовы для паступлення ва ўзброеныя сілы», – сказаў Лукашэнка.

У гэтай сувязі створаная камісія, якая павінна зрабіць заключэнне наконт мэтазгоднасці далейшага працягнення працы па мадэрнізацыі комплексу.

Апошнія навіны