У гонар паўстаўшых беларусаў
- 28.11.2007, 9:28
27 лістапада ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на паўночна-ўсходняй ускраіне Менска, усталяваны мемарыяльны крыж героям Слуцкага ўзброенага паўстання 1920 года. Акцыя праводзілася ў дзень, які ў беларускім гістарычным календары адзначаецца як дзень Слуцкага ўзброенага чыну.
Арганізатарам узвядзення знака, усталяванага ў вышэйшай кропцы ўрочышча, выступіў грамадскі аргкамітэт па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінізму і рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры".
У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага крыжа, якая прайшла пад бел-чырвона-белым сцягам, удзельнічалі каля 20 чалавек. Яны запалілі свечкі, усклалі кветкі да крыжа і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць больш як 10 тысяч прадстаўнікоў інтэлігенцыі і сялянства Слуцкага павета, якія з 27 лістапада па 31 снежня 1920 года вялі баі з часткамі Чырвонага Войска, якое перавялічвала іх па колькасці і ўзбраенню, пад лозунгам "Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў!", адстойваючы ідэалы і незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе БелаПАН.
Пасля таго, як праваслаўны святар Леанід Акаловіч асвянціў крыж і прачытаў малітву ў памяць герояў паўстання і ўсіх ахвяр сталінізму, удзельнікі цырымоніі споўнілі духоўны гімн "Магутны Божа".