BE RU EN

Хваліцца няма чым…

  • 28.11.2007, 15:34

Беларусь заняла 64-е месца ў свеце па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу. Згодна з дакладам «Аб развіцці чалавека на 2007-2008 гады» Праграмы развіцця ААН індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу складае ў Беларусі 0,804. «Проста здарылася маленькае перамяшчэнне ў раёне статыстычнай хібнасці па паказчыку, які нельга абсалютызаваць», – канстатуе кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук. Па словах эканаміста, некалькі гадоў таму Беларусь знаходзілася ў табліцы нават на два пункты вышэй.

– Не сказаў бы, што гэта прарыў, – ацэньвае незалежны эканаміст. – У 2005-м годзе, напрыклад, Беларусь была на 67 месцы, а ў 2004-м, калі і зарплаты беларусаў былі менш за 200 даляраў, і пенсіі менш за 100 даляраў, на 62-м. Гэта гаворыць пра тое, што такі паказчык як індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу нельга абсалютызаваць. Каб рэальна ацаніць нашы дасягненні, лічыць Яраслаў Раманчук, варта параўнаць дынаміку развіцця гэтага паказчыку ў іншых краін.

– на пачатку 1990-х гадоў мы стаялі ў рэйтынгу побач з Эстоніяй, Літвой, Польшчай. Цяпер Польшча знаходзіцца на 37-м месцы, Літва — на 43-м, Эстонія — на 44-м, а мы на 20 пунктаў ніжэй, – параўноўвае эканаміст.

Эксперты «Завтра твоей страны» таксама адзначаюць, што пры разліку індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусі традыцыйна дазваляе не спаўзаць уніз табліцы такі паказчык, як узровень адукацыі дарослага насельніцтва – 99,6%. Гэтым разам па гэтым паказчыку краіна заняла 33-е месца.

– Ён характарызуе высокі ўзровень падтрымкі дзяржавай навукі і адукацыі. Але якая аддача? Доля высокатэхналагічнага экспарту складае ўсяго 3% ад вырабленых прамысловых тавараў, — прымячае Яраслаў Раманчук.

Паводле яго прагнозаў, нягледзячы на праблемы з энерганосьбітамі і змяненнем сацыяльнай палітыкі, па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь і ў наступным годзе будзе знаходзіцца сярод краін з высокім узроўнем развіцця. “Трэнды, звязаныя з развіццём чалавечага патэнцыялу носяць сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы характар, — падкрэслівае эксперт. – Рэзкага паніжэння гэтага паказчыку не будзе. Але разам з тым трэба мець на ўвазе, што беларускі ўрад бравіруе фармальнымі паказчыкамі”.

Апошнія навіны