BE RU EN

У Маскве затрымалі Віктара Шандаровіча

  • 28.11.2007, 17:28

У Маскве затрыманыя каля 10 чалавек падчас пікету ля будынка ГУУС у падтрымку Гары Каспарава – кіраўніка Аб'яднанага грамадзянскага фронту, які адбывае арышт за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Як перадае "Інтэрфакс", у міліцыю патрапілі і некалькі журналістаў – карэспандэнты радыё "Эхо Москвы", газеты "Коммерсант", інтэрнэт-выданняў "Лента.ру" і "Каспаров.ру". Міліцыяй быў затрыманы і пісьменнік-сатырык Віктар Шандаровіч.

Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў Цвярскім РАУС, дзе з імі праводзяцца следча-аператыўныя дзеянні і складаюцца адміністрацыйныя пратаколы, паведамляе NEWSru.com. Сярод затрыманых – актывіст ОГФ Аляксандр Новікаў, лідэр моладзевага "Яблока" Ілля Яшын, памочнік Каспарава Марына Літвіновіч і актывіст руху "Смена" Мікалай Ляскін, распавяла журналістам прэс-сакратарка кааліцыі "Друга Россия" Людміла Мамчына. "Удзельнікаў пікету пачалі затрымоўваць адразу пасля таго як скончылі пікетаваць Барыс Нямцоў, Мікіта Белых і Марыэтта Чудакова", – удакладніла яна. Згодна з яе дадзенымі, актывіста ОГФ Сурэна Едзігерава, затрыманага раніцай, моцна збілі і даставілі ў Цвярскі суд.

Усё затрыманыя "па чарзе ўдзельнічалі ў дазволеным адзінкавым пікеце ў падтрымку Каспарава, які знаходзіцца ў будынку ГУУС Масквы на Пятроўцы, 38", – паведаміла Мамчына. Прэс-сакратарка адзначыла, што "перыядычна да пікетчыка падыходзяць правакатары з тым, каб іх было двое, міліцыя іх затрымлівае, пасля чаго правакатара адпускаюць, а на просьбу прыбраць правакатараў міліцыя не рэагуе".

Нагадаем, што Гары Каспараў быў затрыманы за ўдзел у "Маршы нязгодных" 24 кастрычніка і прысуджаны да пяці сутак арышту.

Апошнія навіны