Вінцук Вячорка: «Наступны год будзе годам двух палітычных пікаў»
- 28.11.2007, 18:13
8 – 9 сьнежня ў Менску пройдзе чарговы зьезд Партыі БНФ. На пасаду старшыні будуць балятавацца цяперашні лідэр Вінцук Вячорка і яго намесьнікі Віктар Івашкевіч ды Алесь Міхалевіч. Радыё Свабода праводзіць паміж прэтэндэнтамі дэбаты ў жывым эфіры, вядзе якія журналіст Валер Каліноўскі. Сёньня – дэбаты паміж Вінцуком Вячоркам і Віктарам Івашкевічам.
Каліноўскі: Спрагназуйце, калі ласка, што будзе пасьля зьезду, у выпадку, калі ніхто з вас не пераможа, а лідэрам партыі абяруць трэцяга прэтэндэнта – Алеся Міхалевіча? Як вы будзеце працаваць разам зь ім, ці застанецеся надалей у кіраўніцтве?
Вячорка: Я буду працаваць у беларускай нацыянальнай справе пры любым зыходзе любых палітычных падзеяў у Фронце ці па-за ім. Што да сп. Міхалевіча, то я ўжо выказваўся і паўтаруся зноў: ёсьць вялікая праблема празрыстасьці ягоных дзеяньняў апошнімі гадамі. Ён чатыры апошнія гады меў намесьніцкі статус і, можа мне і няёмка прызнавацца, я цьмяна ўяўляю, чым чалавек усе гэтыя гады займаўся. Таму я не магу быць закладнікам невядомай мне палітыкі і дзяліць за яе адказнасьць.
Івашкевіч: Я застануся ня толькі ў нацыянальна-дэмакратычным руху, але і ў Беларускім народным фронце і буду прапаноўваць зьезду прызначыць мяне кіраўніком кампаніі "Эўрапейскі марш" – каб агітацыя людзей за эўрапейскі выбар, за незалежнасьць Беларусі працягвалася незалежна ад вынікаў выбараў старшыні БНФ.
Каліноўскі: Пытаньне сп.Вячорку. Да актыву сваёй дзейнасьці на пасадзе старшыні БНФ вы аднесьлі вяртаньне калегіяльнасьці ў партыі, ніводнае рашэньне, казалі вы, ня можа быць ухваленае старшынём аднаасобна. У адказ апанэнты назвалі вашую працу «кратовай», якая не падыходзіць для сур’ёзнага націску на ўлады – (цытую Івашкевіча: "Буры і націску"). Можа, БНФ цяпер патрэбны моцны харызматычны лідэр?
Вячорка: Добра было б, каб зьяўляліся харызматычныя лідэры з энэргіяй, якім хочацца верыць, якія могуць ня толькі ствараць монападзеі, але здольныя гуртаваць вакол сябе вялікія групы людзей і быць здатнымі да калектыўнай працы пры рэалізацыі гэтых сцэнароў.
Што да так званай "кратовай працы", то я думаю, што трэба спалучаць абавязкова сур'ёзную працу, заснаваную на аналітыцы і арганізацыйным будаўніцтве зь яркімі і яснымі прапановамі нацыянальна сьведамым людзям, нацыянальна сьведамаму грамадзтву і ўсяму нашаму народу. У гэтым сэнсе думаю, што мой палітычны досьвед дазваляе спалучаць абодва такія падыходы.
Каліноўскі: Гатовы вы да "буры і націску"?
Вячорка: Мы павінны быць арганізацыйна і ў галовах нашых гатовыя скарыстаць той шанец, які можа зьявіцца літаральна ў самы бліжэйшы палітычны час.
Я рэаліст, я не зьбіраюся займацца "шапказакідальніцтвам" і незбывальныя абяцанкі даваць у папулісцкім стылі, таму што сякі-такі жыцьцёвы і палітычны досьвед маю і ня маю права хлусіць людзям, але я абсалютна перакананы, што такія шанцы могуць неўзабаве зьявіцца. Беларускі народны фронт павінен быць выстраены, адладжаны і гатовы да пераняцьця ня проста палітычнай ініцыятывы ў дэмакратычным лягеры, але і ў грамадзтве.
Каліноўскі: Ці актуальна для БНФ праблема дысцыпліны?
Вячорка: Так, актуальная.
Каліноўскі: Што вы гатовы зрабіць для таго, каб яе вырашыць пасьля зьезду?
Вячорка: Думаю, што пасьля зьезду закончыцца вось гэты пэрыяд піяраў, самарэклямаў і г.д., нам спатрэбіцца сур'ёзная размова на адным з бліжэйшых Соймаў для таго, каб Фронт звонкі ўспрымаўся ня як зборышча мустангаў, на якіх робяцца стаўкі, а як адна каманда. Нам трэба будзе пасьля гэтай кампаніі вяртаць сабе вобраз каманды.
Каліноўскі: Віктар, у вас ёсьць камэнтар?
Івашкевіч: Тое, што неабходна працаваць камандай – гэта натуральна, але гэтыя дысцыпліна і каманда сыходзяць з агульнага разуменьня стратэгіі і задач, якія стаяць. Кожны сябра каманды павінен праяўляць ініцыятыву і адказваць за канкрэтны ўчастак сваёй працы. І старшыня павінен не агульныя словы казаць пра неабходнасьць змаганьня за незалежнасьць, а прапанаваць канкрэтны стратэгічны плян і раздаць заданьні людзям. Я гэта раблю, і я перакананы, што здолею згуртаваць людзей, якія будуць працаваць не таму, што адбываюцца бясконцыя нарады, а таму што яны ясна ўсьведамляюць пастаўленую мэту і маюць свабоду прыняцьця рашэньняў і магчымасьць рэалізоўваць свой кавалак працы.
Каліноўскі: Віктар, зараз пытаньне вам, але для пачатку паслухаем разважаньні палітоляга Дзяніса Мельянцова:
“Шчыра кажучы, я быў зьдзіўлены, калі Віктар Івашкевіч выставіў сваю кандыдатуру. Таму што за ім фактычна не стаіць ні ўплывовай групоўкі, ні каманды ўнутры партыі, як у спадароў Міхалевіча і Вячоркі. Як мне зараз падаецца, і што я адчуваю па выказваньнях партыйных актывістаў, гэта тое – што для партыі цяпер больш важна захаваць стабільнасьць, выжыць у тых умовах, якія склаліся ў Беларусі”.
Віктар, скажыце, хто за вамі стаіць, якую каманду вы маеце, якую падтрымку ў Менску і рэгіёнах?
Івашкевіч: Я якраз лічу сваёй камандай увесь Народны фронт. Я не ствараю сваёй маленькай "камандачкі", якая павінна перамагчы другую "камандачку" ва ўнутрыпартыйнай барацьбе. Я перакананы, што здолею працаваць і супрацоўнічаць і зь людзьмі, якія гуртуюцца ў "камандачцы" Міхалевіча, і зь людзьмі, якія гуртуюцца ў "камандачцы" Вінцука. Усе мы можам быць разам вялікай камандай, якая будзе разам працаваць. Але для гэтага трэба спыніць імкненьне адной групкі перамагчы другую, а ставіць перад сабой задачу, каб Беларускі народны фронт стаў сапраўды народным і вялікім. Не вырашаць пытаньні ўнутры маленькай сэкты, не замыкацца ў ёй, а выходзіць на шырокія колы грамадзтва.
Для гэтага павінна быць адкрытая палітыка, павінна быць адкрытая дыскусія, і я абсалютна не лічу, што дыскусія ў Фронце, якая цяпер адбываецца, шкодзіць іміджу БНФ і яго дзейнасьці. Наадварот – яна прыцягнула ўвагу простых людзей, якія цікавяцца палітыкай, непартыйцаў да Народнага фронту, і зараз я ведаю: шмат якія людзі гатовыя ўступіць у Народны фронт і пачаць у ім працаваць, калі яны ўбачаць, што ў Фронце таксама адбылося абнаўленьне, нейкая новая дынаміка, і значыць, новая дынаміка можа зьявіцца і ў беларускім грамадзтве.
Каліноўскі: Вінцук, за вамі – права рэплікі, я папрасіў бы вас пракамэнтаваць выказваньне Віктара наконт “камандачкі Вячоркі”.
Вячорка: Ды гэта ўсё няважна... Мне важна іншае. Я думаю, што словы пра незалежнасьць – гэта не пустыя словы. Я перакананы, што ёсьць два ідэйныя роўні ў нашай працы. Беларускі Народны Фронт можа быць зьяднаны толькі беларускай ідэяй. Гэта “простыя словы, простыя рэчы” – Беларусь, сьцяг, мова, гістарычная памяць – але яны і толькі яны яднаюць ідэйных людзей. Іншыя матывацыі могуць быць у іншых партыяў, а ў нас – такія. А ўжо ў сваю чаргу толькі ідэйна згуртаваная арганізацыя зможа перакласьці нацыянальную ідэю на мову практычных шанцаў, у тым ліку скарыстаўшы эўрапейскія прапановы, узяўшы ў працы з грамадзтвам эўрапейскую ідэю.
Дык вось нам трэба ўспомніць сваю пачатную місію. Сёньня на прэзыдыюме Аб'яднаных дэмакратычных сілаў будзе прапанавана праводзіць 25 сакавіка 2008 году Марш свабоды пад лёзунгамі эўрапейскай і сацыяльнай кампаніяў. Я буду катэгарычна гэтаму пярэчыць, таму што 25 сакавіка – гэта Дзень Незалежнасьці, гэта дзень 90-годзьдзя БНР, і дзеля гэтага людзі выходзяць 25 сакавіка на вуліцы. Так што незалежнасьць – гэта не пусты барабанны бой.
Каліноўскі: Ну, як я бачу, асабліва спрачацца вы паміж сабой ня хочаце.
Івашкевіч: Увага, я хачу таксама сказаць пра сваё стаўленьне да 25 сакавіка. 25 сакавіка – дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, гэта так. Але змаганьне за незалежнасьць адбываецца не ў гістарычнай мінуўшчыне, а сёньня, і сёньня зьмест незалежнасьці павінен быць насычаны не сувэнірнымі бралкамі і гадзіньнікамі з выявай Пагоні, а ўзьняцьцем рэальных праблемаў, якія існуюць сёньня ў нашым грамадзтве, трэба пабачыць сёньня, якія ёсьць пагрозы незалежнасьці. І калі пагроза незалежнасьці ёсьць ад расейскага імпэрыялізму, мы павінны абапірацца на саюзьнікаў у змаганьні за незалежнасьць, а значыць – і на Эўрапейскі Зьвяз, і на тыя сацыяльны групы, якія незадаволеныя сёньняшнім рэжымам.
Нельга ператвараць 25 сакавіка ў мерапрыемства гуртка аматараў гісторыі. Калі мы – палітычная партыя, калі мы хочам уплываць на грамадзтва, мы павінны пад бел-чырвона-белым сьцягам узьнімаць тыя праблемы, якія сёньня хвалююць людзей. І таму сацыяльны аспэкт і эўрапейская інтэграцыя – абавязковыя чыньнікі ў змаганьні за незалежнасьць.
Вячорка: Віктар, ну што ж ты з млынамі змагаесься? Я ж сёлета быў старшынём аргкамітэту сьвяткаваньня 25 сакавіка, ну няўжо ж гэта былі сувэнірныя бірулькі, ну дарма ж ужо ты так, дзядзька...
Каліноўскі: Думаю, гэтую дыскусію вы працягнеце сёньня на паседжаньні прэзыдыюму АДС, а я хацеў бы тым часам даць вам магчымасьць паслухаць меркаваньне вашае калегі Галіны Сямдзянавай, сябра Сойму Партыі БНФ:
"Віктар Івашкевіч увесь час быў у адной камандзе зь Вінцуком Вячоркам. І таму, мне падаецца, на зьезьдзе ўсё стане на свае месцы, і мы пабачым аднаго прэтэндэнта.
Тое, што зараз адбываецца, як я бачу, азначае, што спэцслужбы працуюць на раскол партыі. Яны ж ужо пакалолі амаль усе апазыцыйныя партыі і цяпер чарга дайшла і да нашай. Але ж наша партыя заўжды адрозьнівалася ад іншых. У нас шмат прэтэнзій адзін да другога. Але калі мы трапляем у нейкую крытычную сытуацыю, партыя заўжды знаходзіць выйсьце і аб’ядноўваецца. Я думаю, што і гэтым разам будзе тое самае”.
І так, як Галіна Сямдзянава, думаюць многія. Віктар, ці спраўдзіцца яе прагноз – “на зьезьдзе ўсё стане на свае месцы” і мы пабачым аднаго прэтэндэнта, ну, напрыклад – Вінцука Вячорку?
Івашкевіч: Мы пабачым аднаго старшыню. Гэта дакладна. І фронт застанецца адзіны, гэта таксама дакладна. Я спадзяюся, што шырокая дыскусія, разгорнутая мною, а не спэцслужбамі, дапаможа фронту набыць новыя якасьці і новую дынаміку.
Каліноўскі: Вінцук, ці згодныя вы з тым, што менавіта спэцслужбы працуюць на раскол партыі, як казала Галіна Сямдзянава?
Вячорка: Што да зьезду, то бясспрэчна гэта ж наш найвышэйшы орган, і я вельмі хачу, каб гаворка была перадусім пра стратэгію, а не пра разнастайныя інтрыжныя рэчы. Я не сумняваюся, што кожная больш-менш уплывовая дэмакратычная сіла ў Беларусі, а тым больш нацыянальна-дэмакратычная ёсьць аб'ектам падвышанай увагі рэжыму, спэцслужбаў, прычым можа нават і ня толькі беларускіх.
Каліноўскі: Такім чынам, Вінцук, я прасіў бы вас задаць пэрсанальнае пытаньне Віктару Івашкевічу. Спадзяюся, яно будзе нязручным.
Вячорка: Памыляецеся, Валер. Яно будзе вельмі зручным. Я думаю, што ёсьць шмат нязручных пытаньняў, зьедлівых, якія я б мог задаць пракурорскім голасам... Віктар, што ты сам любіш гатаваць і есьці?
Івашкевіч: Я люблю гатаваць усё смачнае і смачна есьці. Наогул я чалавек, які любіць жыцьцё ва ўсіх яго аспэктах.
Вячорка: Вось за гэта я й люблю Віктара.
Каліноўскі: Ну, у яго ёсьць і шмат іншых добрых якасьцяў, і адна зь іх – ён любіць задаваць нязручныя пытаньні. Спадзяюся, зараз ён гэта і зробіць...
Івашкевіч: Вінцук, ты сказаў, што наступны год – год змаганьня за незалежнасьць. Якія канкрэтна крокі ты прапануеш у гэтым змаганьні?
Вячорка: Наступны год будзе годам двух палітычных пікаў. Першы – гэта вясна, дзе відавочна абвострацца многія эканамічныя праблемы ўваччу звычайных простых людзей, калі менавіта дасьпеюць асноўныя сацыяльныя групы да адчуваньня гэтых праблемаў – сёньня ніхто з нас прадбачыць ня можа, гэта можа быць сакавік, красавік, травень. А ўвосень – або і раней – адбудуцца так званыя “парлямэнцкія выбары”.
Усё гэта, на маю думку, складае сур'ёзны выклік нашай дзяржаўнай незалежнасьці, у першую чаргу празь незалежнасьць эканамічную. Абвастрэньне сацыяльнай праблематыкі, энэргетычнай праблематыкі мы павінны выкарыстаць для мабілізацыі новых – для нас і ўвогуле для беларускай палітыкі – сацыяльных групаў людзей, для чаго скарыстаць у тым ліку і эўрапейскія прапановы.
Толькі, на маю думку, трэба іхную колькасьць патрабаваньняў да ўладаў звузіць або выстраіць у пэўную герархію. Першымі павінны быць вызваленьне вязьняў і дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Пад сьцягам барацьбы за два першыя павінны адбывацца асноўныя супольныя палітычныя акцыі ў пачатку году. Але звышмэта Беларускага Народнага Фронту – гэта абарона незалежнасьці.
Каліноўскі: Віктар, вы задаволеныя гэтым адказам?
Івашкевіч: Ну, мы працягнем больш дэтальнае абмеркаваньне, бо выстаўленьне звужаных патрабаваньняў – гэта недастаткова для пляну дзейнасьці ў змаганьні за незалежнасьць.
Каліноўскі: Я хацеў бы накіраваць абодвум удзельнікам сёньняшніх дэбатаў пытаньне, якое паступіла ад слухача. Ён слухаў папярэднія дэбаты:
“У нас чыноўнікі аб'ядноўваюцца, а партыі і дэмакратычныя рухі разьядноўваюцца – сацыялістаў ужо тры партыі, БНФ – дзьве, а зараз магчыма будзе і тры. Мы ня ведаем, чаму разьядналася Партыя БНФ у 1999 годзе, гэтак сама і зараз невядома – чым гэта можа закончыцца...”
Вінцук Вячорка, калі ласка, адкажыце слухачу.
Вячорка: Я ня думаю, што ў 2007-2008 годзе магчыма ствараць нейкі супэршырокі, уніфікаваны рух у цяперашняй Беларусі, таму што насуперак лукашызму ў нас фармуецца грамадзянская супольнасьць, фармуюцца партыі з канкрэтнымі ідэалёгіямі.
Але Партыя БНФ усё ж такі вызнае найбольш правільную ідэалёгію – нацыянальную ідэю, якая ня проста вядзе за сабой людзей, але цягам апошніх двух гадоў – я лічу гэта адным з найбольш істотных дасягненьняў фронтаўскай палітыкі, – да нас масава, сотнямі пайшла моладзь, і я спадзяюся – і тысячамі пойдзе, у нас арганізацыйна аформілася “Моладзь БНФ”. Гэта паказвае, што за намі – гістарычная праўда. Значыць, мы будзем моцнымі. А калі мы будзем моцнымі, то мы можам уплываць, успамагаць плячом любую кааліцыю, любое паразуменьне, любую ініцыятыву.
У гэтым сэнсе тое, што Фронт мае свайго сустаршыню ў складзе аб'яднаных дэмакратычных сілаў – гэта ёсьць для нас набытак і канкрэтны рэсурс, і мы абавязкова павінны гэта выкарыстоўваць.
Каліноўскі: Ну, мабыць, любая партыя лічыць сваю ідэалёгію самай правільнай. Віктар Івашкевіч – адкажыце слухачу таксама і вы.
Івашкевіч: Я перакананы, што мы аб'яднаем усіх людзей, якія хочуць разьвіцьця Беларусі ў эўрапейскім накірунку – каб у нас панавалі эўрапейскія каштоўнасьці, эўрапейскія заробкі і эўрапейскі дабрабыт. І гэта тое, што зараз стане галоўным сьцягам, як у 1990 годзе былі сьцягам лёзунгі “Далоў парткомы” і “Далоў камуністычную намэнклятуру”. Узьняўшы гэты сьцяг, мы аб'яднаем вакол сябе ўсіх, хто ўваходзіць у аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, і тых, хто на сёньняшні дзень дзейнічае самастойна.
Каліноўскі: Засталося падсумаваць вынікі гэтых дэбатаў і сказаць некалькі слоў слухачам.
Івашкевіч: Я заклікаю нашых слухачоў ня быць назіральнікамі, а быць саўдзельнікамі ў палітыцы і ў вырашэньні лёсу нашай Бацькаўшчыны. Далучайцеся да Партыі БНФ, рабіце вашы прапановы, далучайце свой інтэлектуальны патэнцыял, і разам мы пераможам.
Вячорка: Жыве Беларусь!