BE RU EN

Пошліна на ўвоз аўтамабіляў падвышаецца

  • 29.11.2007, 8:31

Намеснік міністра прамысловасці Валянцін Гурыновіч паведаміў, што ў Беларусі будзе падвышацца пошліна на ўвоз імпартных аўтамабіляў. "Мы будзем падвышаць пошліну, але вядома, не да расейскага ўзроўню", – удакладніў Валянцін Гурыновіч, дадаўшы, што "ўразрэз з Расейскай Федэрацыяй урад не пойдзе".

Па словах намесніка міністра прамысловасці, пошліну плануюць падвысіць для таго, каб вытворчасць аўтамабіляў унутры краіны не была стратная ў параўнанні з увозам гатовых аўтамабіляў.

Валянцін Гурыновіч падкрэсліў, што новыя пошліны зробяць роўнымі ўмовы коштаўтварэння ўвезеных і вырабленых аўтамабіляў, паведамляе "Інтэрфакс".

Прэзідэнт кампаніі Iran Khodro Манучэхр Мантэгі, які праводзіць перамовы на прадмет адкрыцця ў Беларусі новай вытворчасці машын, заявіў, што ў Беларусі "вельмі нізкія тарыфы на ўвоз імпартных аўтамабіляў".

У траўні гэтага года ЗАТ "Юнісон" і Iran Khodro падпісалі пагадненне аб пашырэнні вытворчасці іранскіх аўтамабіляў Samand пад Менскам. Дакумент прадугледжвае, што ў самай блізкай будучыні беларускі вытворца выйдзе на вытворчасць 10 аўтамабіляў у гадзіну, нагадвае «Тэлеграф».

Падпісаныя дакументы таксама прадугледжваюць пастаўку тэхналагічнага абсталявання для цэха зваркі і афарбоўкі легкавых аўтамабіляў.

Старшыня наглядальнага савета ЗАТ "Юнісон" Аляксей Ваганаў падкрэсліў, што ў кампаніі аптымістычныя планы адносна вытворчасці іранскіх аўтамабіляў у Беларусі.

"Мы будзем выпускаць такую колькасць аўтамабіляў, наколькі на іх будзе рэагаваць рынак. У нас даволі аптымістычныя планы", – паведаміў Аляксей Ваганаў.

Апошнія навіны