Сарваны чырвона-зялёны сьцяг з будынку пракуратуры
- 29.11.2007, 9:09
Уначы на 31 кастрычніка невядомыя сарвалі афіцыйны сьцяг, які быў замацаваны на будынку полацкай пракуратуры, аблілі яго бэнзінам і парэзалі на палоскі. Пасьля гэтага рэшткі сьцяга замацавалі на дзьвярах пракуратуры.
Пад перасьлед трапіла студэнтка Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Кацярына Салаўёва. Пракуратура вядзе сьледзтва паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – зьнявага дзяржаўнага сьцягу і ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, паведамляе “Радыё Свабода”. Дзяўчына была затрыманая 26 лістапада, калі ў Полацку з’явіліся графіці: “Нас не спыніць!”, “Жыве Беларусь!” ды іншыя.
Кацярына Салаўёва на час сьледзтва будзе знаходзіцца на волі. Дзяўчына некалькі гадзін адказвала на пытаньні сьледчых у крымінальнай справе, якую распачалі за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў і за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.
Супрацоўнікі міліцыі і КДБ зрабілі ператрус ў пакоі студэнцкага інтэрнату, дзе жыве Кацярына. Яны забралі некалькі ўлётак і ўсе носьбіты інфармацыі. Трое сутак сьледчыя трымалі ў сябе мабільны тэлефон дзяўчыны. Сьледчыя патрабавалі назваць прозьвішчы ўдзельнікаў акцый.
Кацярына Салаўёва, студэнтка другога курсу гісторыка-філязофскага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэта за сваю грамадзкую пазыцыю ўжо мела праблемы на вучобе.
Днямі на Гомельшчыне пракуратура спыніла крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі супраць некалькіх актывістаў “Маладога фронту”.
Павал Севярынец лічыць, што крымінальная справа супраць Кацярыны Салаўёвай ёсьць заканамернай з’явай у сёньняшніх адносінах улады да моладзевых арганізацый:
“Улада тупа і неяк бессэнсоўна б’ецца, як ілбом аб сьцяну, калі распачынае які ўжо чарговы дзясятак крымінальных спраў. Мне падаецца, што гэта сродак узьдзеяньня на Эўропу, пакуль ідуць перамовы. Маўляў, паглядзіце, калі мы з вамі дамаўляемся, крымінальныя справы спыняем. Але паралельна ў іншым рэгіёне, пачынаецца новая істэрыка, новыя крымінальныя справы, новы палітычны перасьлед”, -- паведаміў Севярынец “Радыё Свабода”.
Калі справа дойдзе да суду, Кацярыне Салаўёвай пагражае штраф, альбо зьняволеньне.