ЗША абвінавацілі Расею і Беларусь у імкненні аслабіць БДІПЧ АБСЕ
- 29.11.2007, 10:38
Намеснік дзяржсакратара ЗША Нік Бернс у сераду на прэс-канферэнцыі ў Мадрыдзе абвінаваціў Расею ў імкненні аслабіць Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, паведамляе агенцтва Асашыэйтэд Прэс.
Прэс-канферэнцыя намесніка дзяржсакратара адбылася за дзень да сустрэчы міністраў краін-сябраў АБСЕ, якая пройдзе ў Мадрыдзе ў чацвер і пятніцу.
Бернс заявіў, што Расея з'яўляецца "аўтарам" прапаноў па рэфармаванні БДІПЧ, якія, на яго думку, зробяць дзейнасць гэтага органа АБСЕ неэфектыўнай.
Акрамя таго, паводле яго слоў, расейскія прапановы падтрымліваюць Узбекістан, Казахстан і Беларусь.
"Мы не пойдзем на кампраміс і не ссунемся ні на міліметр, калі гаворка пойдзе пра паслабленне БДІПЧ", – сказаў Бернс.
Раней БДІПЧ вырашыла не ехаць у Расею для маніторынгу выбараў, якія маюць адбыцца 2 снежня, бюро паінфармавала пра гэта расейскія ўлады 16 лістапада. Сваё рашэнне яно растлумачыла скарачэннем колькасці назіральнікаў на выбарах у Дзярждуму, познім рассыланнем запрашэнняў і затрымкамі ў выдачы віз.
Расейскія ўлады заяўлялі, што адмова БДІПЧ даслаць назіральнікаў на парламенцкія выбары ў РФ звязаная з рэкамендацыяй дзярждэпартамента ЗША. Белы дом, у сваю чаргу, адмаўляў сваё дачыненне да гэтага рашэння.