Уладзімір Лабковіч: «Рэгістр, магчыма, прызначаны для выкарыстання спецслужбамі»
- 29.11.2007, 12:21
«Дадзеныя на грамадзяніна, з якіх будзе складацца рэгістр, закранаюць сферу асабістага жыцця чалавека, што недапушчальна ў краіне, дзе пераважаюць агульначалавечыя каштоўнасці, правы чалавека», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Уладзімір Лабковіч, каментуючы прыняцце «палатай прадстаўнікоў» ў першым чытанні праект закону «Аб рэгістры насельніцтва».
Распрацоўшчыкі праекту (міністэрства ўнутраных спраў) прапануюць сабраць разам усе дадзеныя на беларусаў (улучна з інфармацыяй пра маёмасць, месца працы, адукацыю, сямейнае становішча, групу крыві - разам 26 параметраў) і такім чынам сфармаваць адзіны дзяржаўны рэгістр, у якім кожнаму беларусу будзе дадзены асабісты ідэнтыфікацыйны нумар.
Якія наступствы можа несці прыняццё гэтага законапраекту для кожнага з нас ва ўмовах сённяшняга рэжыму?
Як лічыць праваабаронца, старшыня юрыдычнай камісіі Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч, закон “Аб рэгістры насельніцтва” падрыхтаваны з мэтай палітычнага пераследу апазіцыі.
“У нашай краіне, асабліва, калі ўлічваць, што ініцыятар законапраекту міністэрства ўнутраных спраў, гэта палохае. На маю думку, такі рэгістр прызначаны для выкарыстання спецслужбамі, то бок, апаратам МУС і КДБ, з мэтай палітычнага пераследу апанентаў рэжыму, дзеля ўсталявання максімальнага кантролю дзяржавы над грамадствам і ўдасканалення рэпрэсіўных механізмаў, а не ўліку грамадзян, як сцвярджаецца афіцыйна”, - заявіў Уладзімір Лабковіч прэсс-цэнтру Хартыі’97.
На думку праваабаронцы, падобныя базы дадзеных маюць і іншыя краіны, але там дзяржава не патрабуе ад сваіх грамадзян звестак асабістага характару, бо гэта ўжо лічыцца ўмяшальніцтвам у асабістае жыццё і пераследуецца па законе.
“Ва ўмовах дэмакратычнай краіны, калі ўсё больш-менш празрыста, дзеянні ўлады падкантрольныя грамадству праз свабодную прэсу, выбары і іншыя дэмакратычныя інстытуты, удасканаленне ўліку грамадзян не выклікае асаблівай насцярогі. Але менавіта - удасканаленне ўліку. Тыя ж дадзеныя на грамадзяніна, з якіх будзе складацца рэгістр, закранаюць сферу асабістага жыцця чалавека, што недапушчальна ў краіне, дзе пераважаюць агульначалавечыя каштоўнасці, правы чалавека”, - сцвярджае юрыст.
Уладзімір Лабковіч кажа, што “калі такі рэгістр будзе падрыхтаваны, улады ўсталююць татальны кантроль над кожным чалавекам і будуць выкарыстоўваць асабістую інфармацыю дзеля ціску. Такім чынам, можна меркаваць, што гэта выкліча толькі ўзмацненне рэпрэсій супраць незадаволеных існым рэжымам грамадзян”, - упэўнены праваабаронца.