Віктар Калей: «З новага года сотні тысяч людзей пазбавяцца сродкаў да існавання»
- 29.11.2007, 13:15
«Улады спалохаліся арганізаваных дзеянняў прадпрымальнікаў, таму задзейнічаюць усе магчымыя рычагі ціску, каб мітынг 10 снежня не адбыўся», – заявіў прэс-цэнтру Хартыя’97 адзін з арганізатараў акцыі, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Калей, каментуючы прысуд Завадскога суду Менска.
Нагадаем, Завадскі суд Менска прысудзіў сёння прадпрымальнікаў Алеся Таўстыку і Руслана Луцэнку да 7 і 10 сутак арышту за распаўсюджванне ўлётак з інфармацыяй пра мітынг, які павінен прайсці 10 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менска.
Аднак, па словах Віктара Калея, ні судамі, ні іншымі пераследамі прадпрымальнікаў ужо не спалохаеш. «З новага года сродкаў да існавання пазбаўляюцца не дзесяткі, сотні тысяч людзей. Перарэгістроўвацца ў ПУПы большасць з нас не можа: гэта патрабуе немалых фінансавых сродкаў і падаткі па ПУПу проста нерэальныя, таму людзі настроеныя рашуча. Прычым наконт месца правядзення акцыі мы заяўляем катэгарычна, што праводзіць мітынг маем намер толькі на Кастрычніцкай плошчы па-за залежнасці ад адказу, які атрымаем з Менгарвыканкама», – паведаміў прэс-цэнтру Хартыя’97 адзін з заяўнікаў акцыі.
Пры гэтым ён дадаў, што арганізатары запрасілі на мітынг прадстаўнікоў Савета міністраў, у тым ліку міністра МУС Навумава, а таксама разаслалі запрашэнні замежным амбасадарам.
Віктар Калей таксама паведаміў, што арганізатары мітынгу разлічваюць на вялікую колькасць удзельнікаў акцыі. «На рынках і ў гандлёвых цэнтрах мы распаўсюджваем інфармацыйныя лісткі пра акцыю з тэлефонамі заяўнікаў. Людзі цікавяцца, падтрымліваюць ідэю правядзення мітынгу, згаджаюцца з неабходнасцю пратэсту, калі хутка ўлады не пакінулі нам іншага выбару. Нельга сказаць, колькі чалавек прыйдзе на мітынг 10 снежня. Але калі гэта будзе нават пару тысяч, уладам давядзецца пайсці на саступкі», – лічыць адзін іх лідэраў прадпрымальніцкага руху.
Нагадаем, 10 снежня на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе мітынг прадпрымальнікаў, на якім яны маюць намер выказаць пратэст супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасці перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, а таксама аб забароне індывідуальным прадпрымальнікам наймаць на працу людзей, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі.