BE RU EN

Ва Украіне створаная «памаранчовая» кааліцыя

  • 29.11.2007, 16:52

Старшыня пасяджэння Вярхоўнай Рады Украіны шостага склікання Раман Зварыч абвясціў сёння пра стварэнне кааліцыі паміж Блокам Юліі Цімашэнкі і блокам Наша Украіна – Народная самаабарона ў складзе 227 дэпутатаў.

Зварыч нагадаў дэпутатам пра неабходнасць абраць кіраўніцтва парламента, а таксама пра тое, што права высоўваць кандыдатуры ў кіраўніцтва маюць усе фракцыі і дэпутаты.

Падчас афіцыйнага абвяшчэння аб стварэнні кааліцыі БЮТ і НУ-НС сябры гэтых дзвюх фракцый апладзіравалі стоячы, а астатнія прысутныя народныя дэпутаты з фракцый Блока Літвіна, Партыі рэгіёнаў і КПУ засталіся на сваіх месцах і не апладзіравалі.

Пасля абвяшчэння аб стварэнні кааліцыі лідэру БЮТ Юліі Цімашэнкі быў уручаны вялікі кошык з кветкамі ў выглядзе мапы Украіны.

Нагадаем, раней старшыня фракцыі Наша Украіна – Народная самаабарона Вячаслаў Кірыленка прапанаваў на пасаду старшыні Вярхоўнай Рады ад НУ-НС Арсеня Яценюка.

У сваю чаргу БЮТ неаднаразова заяўляў, што будзе прапаноўваць кандыдатуру Юліі Цімашэнкі на пасаду прэм'ер-міністра Украіны.

Апошнія навіны