Еўрапарламент ухваліў Хартыю
- 30.11.2007, 19:05
Еўрапарламент ухваліў Хартыю фундаментальных правоў Еўрапейскага Звязу, паведамляе сайт гэтага органа ўлады ЕЗ. Рашэнне падтрымалі 534 дэпутаты, супраць галасавалі 85, устрымаліся – 21. Нагадаем, што гэты дакумент з'яўляецца адным з базавых для новага Пагаднення рэформ, якое стала заменай Канстытуцыі ЕЗ і будзе падпісанае 13 снежня ў Лісабоне. Афіцыйная цырымонія абвяшчэння Хартыі адбудзецца ў Еўрапарламенце 12 снежня.
Што ўтрымліваецца ў прынятай Хартыі
Хартыя вызначае фундаментальныя правы чалавека ў ЕЗ, такія, як права на жыццё (уключана забарону смяротнай кары), права на цэласнасць асобы (уключна з забаронай на селекцыю людзей і кланаванне). Хартыя таксама забараняе катаванні, рабства, прымус да працы, гандаль людзьмі.
Дакумент усталёўвае права на свабоду і бяспеку, права на павагу асабістага і сямейнага жыцця, права на абарону персанальных дадзеных, права ажаніцца і ствараць сем'і, права на свабоду думак і спавяданую рэлігію, права на свабоду выказвання і інфармацыю, права на свабоду сходаў, права на свабоду навукі і мастацтваў, права на адукацыю, права на выбар прафесіі і працы, права на вядзенне бізнэсу, права на ўласнасць, права на прытулак, права на абарону ў выпадку перамяшчэння або экстрадыцыі.
У Хартыі таксама абвяшчаецца роўнасць усіх перад законам, забарона дыскрымінацыі, роўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, культурная, рэлігійная і моўная разнастайнасць. Дакумент прызнае правы дзяцей і асоб старэчага ўзросту, правы на інтэграцыю ў грамадства асоб з фізічнымі або іншымі абмежаваннямі. У Хартыі ўсталяваныя правы працаўнікоў на атрыманне інфармацыі, на пратэсты, на абарону ў выпадку неабгрунтаванага звальнення і сумленныя ўмовы працы. Акрамя таго, усталяваныя правы на ахову здароўя і абарону навакольнай натуральнай серады, вызначаныя грамадзянскія правы.
У дакуменце таксама вызначаецца, што кожны грамадзянін Еўропы ў выпадку парушэння яго правоў можа звярнуцца да Еўрапейскага амбудсмена.
Хартыя таксама дае права грамадзянам ЕЗ апратэстоўваць парушэнне сваіх правоў не толькі супраць нацыянальных урадаў, але і супраць еўрапейскіх кіруючых органаў у Еўрапейскім судзе ў Люксембургу.