Лукашэнка пайшоў на саступкі Расеі?
- 30.11.2007, 8:25
Чаканая цана расейскага газу для Беларусі ў першым квартале 2008 года складзе $119,5 за 1 тыс.куб.м. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на семінары кіруючых працаўнікоў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў.
Паводле яго слоў, падчас перамоваў магчымае паніжэнне гэтай цаны на $7-8.
Патрэбнасць Беларусі ў прыродным газе ў наступным годзе ацэньваецца ў 21,5 млрд.куб.м, дадаў першы віцэ-прэм'ер.
Як паведамлялася, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў прагназаваў павелічэнне цаны на газ у 2008 годзе да $125-150 за 1 тыс.куб.м, схіляючыся да ніжняй мяжы гэтага дыяпазону.
Згодна з чатырохгадовым кантрактам на пастаўку газу, яго цана для Беларусі ў 2008 годзе павінна скласці 69% ад сярэднееўрапейскай цаны, разлічанай па формуле на аснове прывязкі да велічыні біржавых цэнаў на нафтапрадукты.
Каментар www.charter97.org: Відавочна, што Лукашэнка ў чымсьці пайшоў на саступкі Расеі. Інакш, чаму першыя тры месяцы 2008 года Беларусь будзе плаціць усяго $119,5 за 1 тыс.куб.м. расейскага газу? Прагназавалася, што кошт газу будзе вышэйшым. Пра тое, чым давялося паступіцца беларускаму кіраўніку, верагодна, мы неўзабаве даведаемся…