BE RU EN

У Расеі здзіўленыя заявамі беларускага кіраўніка

  • 30.11.2007, 15:22

Мінэканамразвіцця Расеі не атрымлівала ад Беларусі дакументаў аб спыненні краінай імпарту сельгастэхнікі з 2008 года.

«Ніякіх дакументаў на гэты конт у нас няма», – паведаміў РІА «Новости» прадстаўнік дэпартамента эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі СНД міністэрства.

Расея, па словах прадстаўніка МЭРГ, экспартуе ў Беларусь асобныя кампаненты і блокі сельгастэхнікі ў рамках кааперацыі прадпрыемстваў дзвюх краін. Але службовец спадзяецца, што на гэты від прадукцыі забарона не распаўсюдзіцца. «Калі Лукашэнка хоча, каб тэхніка, што робіцца ў Беларусі, была больш якасная і канкурэнтаздольная, то, наадварот, трэба нарошчваць кааперацыю з іншымі прадпрыемствамі», – лічыць суразмоўца агенцтва.

Нагадаем, пра рашэнне забараніць з 2008 года імпарт сельгастэхнікі ў Беларусь, на закуп якой краіна марнуе 200 мільёнаў даляраў у год, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас семінара кіруючых працаўнікоў у Менску. Ён таксама паведаміў, што беларускі ўрад падрыхтаваў адпаведны ліст.

Апошнія навіны