BE RU EN

На менскіх рынках распаўсюджваюцца ўлёткі

  • 30.11.2007, 17:12

У Менску ідзе падрыхтоўка да мітынгу прадпрымальнікаў, прызначанага на 10 снежня.

«Вось ужо які дзень актывісты «Маладых Дэмакратаў» выходзяць на рынкі, гандлёва-выставачныя комплексы і кірмашы, распаўсюджваючы матэрыялы аб рэспубліканскім Мітынгу прадпрымальнікаў. «Аўтамалінаўка», «Аквабел», «Імпульс», «Зеркало», «Паркінг», «Падземны горад», «Мир книг», Чэрвеньскі рынак, будаўнічы рынак «Уручча» – вось спіс толькі найбуйнейшых гандлёвых плошчаў сталіцы, на якіх за апошнія дні «Маладыя Дэмакраты» распаўсюджвалі матэрыялы, прысвечаныя мітынгу. Да 10 снежня яшчэ дастаткова часу, і мы маем намер належным чынам выкарыстаць яго. У шэрагах нашай арганізацыі шмат маладых прадпрымальнікаў, будучыня якіх пад пагрозай з прычыны эканамічнай палітыкі дзяржавы. Мы таксама імкнёмся прыцягнуць да мітынгу ўвагу студэнтаў. Праз год-два, а то і цяпер, шмат хто з іх задумаецца пра адкрыццё ўласнай справы. Але зрабіць гэта будзе ўжо не так проста. Вось чаму мы заклікаем усю моладзь падтрымаць 10 снежня мітынг прадпрымальнікаў і ўсю кампанію «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва». Наша будучыня ў нашых руках», –пракаментаваў прэс-службе АГП сітуацыю намеснік старшыні «Маладых Дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч.

Паводле яго слоў, удзел моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў падрыхтоўцы мітынгу цалкам заканамерны. «АГП заўсёды рабіла ўпор на свабодныя рынкавыя стасункі. У цяперашніх умовах дзяржаўнага капіталізму, распродажу дзяржмаёмасці без абавязковых для таго тэндэраў, ліквідацыі сацыяльных гарантый насельніцтву ў моладзі не застаецца нічога, акрамя варыянта стварэння ўласнай справы. Але і гэтую магчымасць у яе забіраюць», – лічыць Пашкевіч.

Апошнія навіны