Ляховіч: Я гатовы да бою з Валуевым на 110%
- 5.11.2007, 10:40
Знакаміты беларускі баксёр Сяргей Ляховіч, які жыве ў ЗША, у эксклюзіўным інтэрв’ю Радыё Рацыя распавёў пра свае планы і магчымасць правесці бой з не менш знакамітым расійскім баксёрам Мікалаем Валуевым у Мінску.
- Зараз у Беларусі актыўна абмяркоўваецца магчымасць правядзення Вашага бою з Мікалаем Валуевым у Мінску. Вы бы хацелі правесці гэта спаборніцтва на радзіме?
- Чаму не? Я б з задавальненнем адбаксіраваў у сябе на радзіме!
- Наколькі магчыма ў Беларусі арганізаваць спаборніцтва такога ўзроўню і ці ёсць прыдатныя для яго спартовыя залы?
- Спекуляваць не буду. Я даўно адтуль з’ехаў, так што не магу адказаць на гэта пытанне. А ўсе іншыя пытанні наконт арганізацыі і правядзення бою у Беларусі можна абмяркоўваць толькі з маім прамоўтэрам і з маім менэджэрам.
- Ці верыце Вы ў тое, што дома і родныя сцены дапамагаюць?
- У нейкай ступені можа і дапамагаюць, але ўсё будзе залежыць у першую чаргу ад мяне самога, ад таго, што я буду рабіць на рынгу.
- Наколькі зараз Вы гатовы да спаборніцтва?
- Зараз я знаходжуся ў Х’юстане. Паціху пачаў падрыхтоўку да гэтага бою Буду гатовы на 110 адсоткаў. Зараз праходжу агульнафізічную падрыхтоўку і працую са сваім трэнерам над планам бою.
- Як ацэньваеце свае шансы на перамогу?
- Больш чым упэўнены. Бо калі не ўпэўнены ў перамозе, дык і не трэба выходзіць на рынг.
Сусветная баксёрская асацыяцыя (WBA) аб'явіла, што правы на арганізацыю бою паміж цяжкавагавікамі беларусам Ляховічам (“Белым ваўком”) і расіянінам Валуевым выстаўлены на аўкцыён. Праз прамоўтэрскую кампанію гэтыя правы можна набыць сёння, 5 лістапада, у Панаме, дзе размешчаны галоўны офіс WBA. Стартавая цана складае 400 тысяч долараў.