Яйкі зніклі! Дзякуйце Савету Міністраў
- 5.11.2007, 13:46
З прылаўкаў берасцейскага Цэнтральнага рынку знік хадавы тавар. Цяпер замест курынага прадукту там красуецца красамоўны плакат наконт беларускага ўрада – «Яек няма! Дзякуйце Савету Міністраў».
Ля гандлёвых прылаўкаў цяпер нязвыкла пуста. І толькі вялізная чарга стаіць за прадукцыяй Кобрынскай птушкафабрыкі. Здзіўленыя гараджане закупляюцца ў запас.
– Згодна з пастановай Савета міністраў № 1256 на рынках забараняецца продаж яек харчовых, за выключэннем продажу ў крамах, размешчаных на тэрыторыі рынку, а таксама продажу вытворцамі, – пракаментаваў BulletinOnline.org дырэктар рынку Зміцер Глушынскі. – У дадзенай сітуацыі мы толькі выканаўцы.
Год таму на рынку правялі рэканструкцыю, стварылі ўсе ўмовы для продажу малочных прадуктаў, мёду і яек. Кожнае гандлёвае месца абсталявалі халадзільнікам. Тут продажам яек займаліся 15 ІП плюс каля дзесятка – у гандлёвых павільёнах. Сёння ўсе яны засталіся без працы.
Прыносіць прыбытак гэты прадукт зможа ў тым выпадку, калі ў ІП маецца крама. Але адкрываць на рынку гандлёвыя кропкі ў прадпрымальнікаў няма магчымасці, бо плошча адной крамы павінна быць не менш за 25 квадратных метраў.
Гандлёвыя месцы, якія раней займалі прадпрымальнікі, пустуюць. А яйкі купіць у горадзе практычна нерэальна. Калі ёсць прывоз Кобрынскай птушкафабрыкі – прадукт разыходзіцца ў лічаныя хвіліны.
Самі прадпрымальнікі вырашаюць, увогуле сысці з рынку ці рэалізоўваць іншыя тавары. Зрэшты, і тут выбар невялікі: тварог ці мёд. Параіўшыся, ініцыятыўная група ІП вырашыла неўзабаве звярнуцца да кіраўніцтва аблвыканкама.